Зміцер Саўка ў «Гарачым каментары»


Як дбаеш, так і маеш. Універсітэты скарачаюць спецыяльнасці “беларуская філалогія”, а ў бібліятэках закрываюцца аддзелы з роднаю літаратураю. На якой мове цяпер размаўляем мы, на якой хочам размаўляць, і на якой размаўляць нам выгадна?

Адразу чатыры спецыяльнасці, дзе рыхтавалі філолагаў беларускай мовы, закрываюцца ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце. Застаюцца ўсяго дзве. Пра намер адмовіцца ад прыёму студэнтаў на шэраг гуманітарных спецыяльнасцяў абвесціў і Магілёўскі ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова. Адна з іх – з беларускаю профільнаю.

Яшчэ адзін трывожны званочак прагучаў у Віцебску. З сённяшняга дня ў тамтэйшай абласной бібліятэцы ліквідуецца аддзел беларускай літаратуры, а кнігі на роднай мове спісваюць у макулатуру.

Тэндэнцыю пацвярджае і статыстыка. У краіне за дзесяць гадоў колькасць людзей, якія размаўляюць па-беларуску ў хаце, зменшылася з амаль 37 % да 23 %.

Паводле мовазнаўцы Змітра Саўка, не варта вінаваціць грамадства ў нецікаўнасці да беларускай мовы. Незапатрабаванасць роднай мовы ў грамадстве ёсць вынікам палітыкі дзяржавы.

“Калі кіраўнік дзяржавы ўвесь час сцвярджае, што нам увогуле гуманітарная сфера не патрэбная, ён сваімі паводзінамі ды невуцтвам сведчыць пра тое, што адукацыя не ёсць каштоўнасцю: ад яе больш каўбасы не будзе, а значыць – навошта яна. Беларусам жа яна патрэбная больш, чымся нашым суседзям, бо ў нас маладая дзяржава, нам трэба самасцвярджацца. Зацвердзіць, што мы старажытны народ. А калі ў нас няма гэтых атрыбутаў нацыі, найважнейшым з якіх на сёння ёсць мова, як мы можам давесці права на існаванне асобнай беларускай дзяржавы?” – падкрэслівае спадар Саўка.

Абітурыенты ж сёння не хочуць ісці не толькі на беларускую філалогію. У краіне імкліва зменшыўся прэстыж вышэйшай адукацыі.

“Тысячы – можа, дзясяткі тысячаў – маладых людзей навучаюцца ў суседніх краінах. Чаму беларусы не хочуць вучыцца ў сваёй краіне? Можа таму, што замест паўнавартасных ведаў ім распавядаюць пра тое, што гісторыя Беларусі пачалася ў 1917 годзе. Гэта вельмі важна, калі асноўным прадметам ёсць дзяржаўная ідэалогія”, – кажа мовазнаўца.

belsat.eu

Стужка навінаў