На вучобу не хапае грошай: студэнтаў адлічваюць


Неўзабаве кошты навучання ва ўніверсітэтах маюць вырасці яшчэ на 30 %. Гэта ўжо трэцяе павышэнне цягам акадэмічнага года. Карэспандэнты “Белсату” запыталі менчукоў: як яны да гэтага ставяцца і дзе ўзяць грошы на вышэйшую адукацыю?

“Калі паступаў тры гады таму, навучанне каштавала мільёна паўтара за год, – гаворыць студэнт. – Цяпер зашкальвае за 3,5 млн. Ну добра, я хоць на завочным. А хто на дзённым вучыцца – не ўяўляю, як яны працуюць. Дамо рады як-небудзь. Іншага не застаецца”.

“Кідаюць людзі вышэйшую адукацыю, бо не могуць заплаціць. Кепская сітуацыя ў краіне, – падзялілася сваімі назіраннямі наступная апытаная і заклікала кіраўніцтва ўніверсітэтаў знізіць кошты, а ўрад – павысіць стыпендыі. – Немагчыма жыць студэнтам цяпер. Трэба і вучыцца, і працаваць. Але лепш працаваць, чым у бацькоў браць”.

“Павышаецца – значыць, павышаецца. Будзем плаціць. Будзем больш працаваць”, – канстатаваў яшчэ адзін студэнт.

Чарговая суразмоўніца, якую сустрэлі на вуліцы журналісты, таксама зарабляе на вучобу сама: “Не хочацца браць у бацькоў”.

Студэнтка пятага курсу задае рытарычнае пытанне: калі пасля новага года вучобы ўжо няма, а аплата памяншаецца нязначна – на што ідуць грошы? “Але падзецца няма куды. Дапамагаюць сваякі, не толькі бацькі”, – прызналася яна.

“10 млн на год каштуе навучанне, трэці раз за год паднялі”, – назваў лічбы наступны апытаны.

“У бацькоў і так мала грошай. Працаваць буду, – гаворыць хлопец. Паводле яго, шмат каго адлічылі з-за фінансавай сітуацыі. – Крэдыты бяруць і не могуць аддаць”.

belsat.eu

Стужка навінаў