Больш за ўсё такіх пляцовак мае з’явіцца на Берасцейшчыне, а самая дарагая – у Гомлі.
У бліжэйшыя гады ў краіне мусяць пабудаваць восем пляцовак для пляжнага футболу. Чатыры з’явяцца на Берасцейшчыне (у Берасці, Кобрыне, Івацэвічах і Пружанах), тры – на Магілёўшчыне (у Магілёве, Кіраўску і Горках) і адна ў Гомлі. Кожная з іх будзе каштаваць бюджэту ад 100 да 300 млн руб., а гомельская – ажно 1 млрд руб. Гэта прадугледжваецца дзяржаўнаю праграмаю развіцця футболу на 2011–2015 гг.
У аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкаму адзначылі, што адна пляцоўка ў раёне ўжо ёсць. Што датычыць новай, фінансаванне запланаванае, але летась у праграме будаўніцтва яно з’явілася напрыканцы снежня, таму ў 2011 г. зрабіць поле не паспелі.
Якія перспектывы ў гэтага віду спорту ў Беларусі? «Пляжная зборная нашай краіны паказвае добрыя вынікі, летась увайшла ў дзясятку найлепшых зборных Еўропы, – расказвае галоўны трэнер БАТЭ па пляжным футболе і зборнай Беларусі па гэтым відзе спорту Аляксандр Багайчук. – З прыходам новага старшыні федэрацыі пляжнага футболу адбыліся перамены да лепшага, перадусім у арганізацыйным плане».
Пакуль пляжны футбол не лічыцца алімпійскім відам спорту, аднак перамовы наконт яго ўключэння ў афіцыйную праграму Летніх гульняў вядуцца ўжо некалькі гадоў.
belsat.eu