Заняткі ў школе могуць адмяніць праз моцныя маразы


Міністэрства адукацыі абвесціла, што ў звязку з моцнымі маразамі заняткі ў школах могуць адмяніць. Рашэнне ў кожным рэгіёне прымае мясцовая ўлада разам з прадстаўнікамі Міністэрстваў адукацыі ды аховы здароўя, аддзеламі надзвычайных здарэнняў.

Каб заняткі адмянілі, слупок тэрмометра мае апусціцца ніжэй за мінус 25 градусаў пры хуткасці ветру больш за 2 м/с.

Пры дрэнных умовах надвор’я заняткі найперш адмяняюць у вучняў 1–4-га класаў. Дашкольным установам рэкамендавалі ў моцныя маразы не праводзіць прагулак на свежым паветры.

На тэрыторыі Беларусі тэмпературны рэжым можа адрознівацца на 5–10 градусаў, таму маразы і вільготнасць, якія назіраюцца ў Віцебскай вобласці, могуць быць значна слабейшымі ў Берасці ды Гомлі. У рэгіёнах, дзе тэмпература не апусціцца ніжэй за норму, вучні будуць працягваць наведваць школу.

«Пра тое, што дзіця не трэба адводзіць у школу, мы звычайна даведваемся з ранішняга выдання навінаў на радыё, але для мяне гэта новы галоўны боль. Сёлета мой сын ходзіць у другі клас, але я яго яшчэ баюся пакідаць дома аднаго. Летась на дапамогу прыйшла суседка. Ці будзе з кім пакінуць дзіця, калі прагнозы сіноптыкаў спраўдзяцца і праз маразы заняткі адменяць, не ведаю», – кажа маці школьніка.

Тым не менш, для шматлікіх дзяцей моцныя маразы – толькі новая нагода замест школы пайсці коўзацца або ездзіць на санках.

Як паведамілі ў адной са школаў, калі маразы прыпыняць навучальны працэс, то вучні не будуць потым адпрацоўваць заняткі ў выходныя, прапушчаныя тэмы будуць выкладацца паступова па звычайным раскладзе.

«Калі ж нехта з бацькоў усё ж такі прывядзе дзіця ў школу, то яму знойдзецца занятак. Усе настаўнікі будуць на працы. Але ні летась, ні пазалетась ніводнага навучальнага дня праз маразы ў нашай гімназіі не адмянілі», – падкрэсліла дырэктарка жлобінскай гімназіі № 1 Святлана Кішкевіч.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары