Беларускія санаторыі падаражалі ўдвая


За двухтыднёвы адпачынак трэба заплаціць Br 2,5 млн.

Аднак нават па новых коштах яны ў некалькі разоў таннейшыя за расейскія. Адсюль – такая вялікая цікаваць у суседзяў да адпачынку ў Беларусі.

У параўнанні з мінулым годам пуцёўкі ў санаторыі падаражэлі ў 2–2,5 разу. Калі раней два тыдні можна было адпачываць за 1,2 млн руб., то цяпер заплаціць давядзецца мінімум 2,5 млн руб. Як паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння, больш за ўсё адмоваў пасля падаражання – ад пенсіянераў. Яны аплачваюць толькі частку пуцёўкі, у сярэднім 450–600 тыс. руб. (дагэтуль – 120–300 тыс. руб.), але нават гэтая сума для іх занадта вялікая.

Тым часам у Федэрацыі прафсаюзаў лічаць, што паўнавартасны адпачынак не мусіць каштаваць танней. “Cям’я з чатырох чалавек, калі сумаваць усе зніжкі, адну пуцёўку набывае ўсяго за 20 % ад рэальнага кошту”, – паведамляе прэсавая служба ФПБ. У Беларусі дзеюць 12 прафсаюзных санаторыяў. Штогод лячэнне ў іх праходзяць больш за 50 тыс. беларусаў.

Аднак асноўнымі кліентамі беларускіх санаторыяў застаюцца расейцы – каля 80 % ад агульнай колькасці. “Санаторыям выгадна працаваць з замежнымі турыстамі, бо для іх выстаўленыя больш высокія тарыфы. Турысты з Еўропы едуць рэдка – усё ж дарагая віза, дый сэрвіс іх не заўсёды задавальняе. Адпачынак у Сочы для расейцаў каштуе у 1,5 разу даражэй, чым ля Менску”, – кажа менеджар турфірмы “MLD Group” Алеся Катрэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў