Уладзімір Падгол у “Гарачым каментары”


“Апазіцыі няма, ёсць дысідэнты”. Шанцаў дамовіцца ў іх няма.

“Кааліцыя шасці” не змагла сёння дамовіцца пра адзіную пазіцыю адносна ўдзелу ў парламенцкіх выбарах. Да таго ж сённяшняе паседжанне апазіцыйных лідараў адзначылася не толькі маральнымі баталіямі, але і фізічнымі. Прадстаўнік руху “Гавары праўду” Аляксандр Фядута даў аднаму з лідараў хрысціянскіх дэмакратаў, Віталю Рымашэўскаму… выспятка, або, калі казаць па-народнаму, пад зад.

Чакалася, што сёння лідары кааліцыі падпішуць дэкларацыю “Аб грамадскай дыскусіі пра мэты і формы ўдзелу беларускай апазіцыі ў выбарах-2012”. У выніковым варыянце палітыкі больш ясна прапісалі пункты пра ўмовы, выстаўленыя ўладам, а таксама пра зняцце кандыдатаў у дэпутаты перад датэрміновым галасаваннем. Пагадненне гатовыя былі падпісаць лідары партыяў АГП і БНФ, рухаў “Гавары праўду” і “За свабоду”, а таксама партыя камуністаў “Справядлівы свет”. Адмовіўся ставіць свой подпіс сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. Афіцыйнаю падставаю стала тое, што яго запозна пазнаёмілі з тэкстам дакументу.

Палітолаг і публіцыст Уладзімір Падгол лічыць, што інцыдэнт “прыцягне ўвагу да дысідэнтаў”. Палітолаг падкрэслівае, што, паводле ягонага меркавання, у Беларусі няма апазіцыі, а ёсць групы дысідэнтаў. Парламенцкія выбары даюць шанец дысідэнтам стаць апазіцыяй. Паводле Падгола, добры варыянт прапанавала Партыя БНФ: пайсці на выбары, паставіць уладзе ультыматум і – калі яго не выканаюць – зняцца. Альтэрнатыва такому падыходу – гэта і ёсць выспятак Фядуты.

Адна з галоўных умоваў ператварэння групы дысідэнтаў у апазіцыю – доступ да медыяў, перадусім – да тэлебачання. У сённяшняй сітуацыі нязручны для ўладаў палітык можа выратаваць дзяўчынку, а на дзяржаўным тэлеканале скажуць, што ён яе згвалціў.

Уладзімір Падгол лічыць, што шансаў дамовіцца ў дысідэнтаў няма. Яны такія ж, як і напрыканцы 2010 г., напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў: “Ніякіх дамоваў не будзе”.

belsat.eu

Стужка навінаў