Навальны сустрэўся з замежнымі інвестарамі


Апазіцыйны расейскі лідар правёў прэсавую канферэнцыю, на якой спрабаваў запэўніць інвестараў, што ў выпадку перамогі ліберальнай апазіцыі іхныя грошы не апынуцца пад пагрозаю.

“Расейскія ўлады вельмі любяць прасоўваць гэтую ідэю сярод інвестараў і такіх баязлівых, пужлівых замежнікаў – пра тое, што ёсць такая жахлівая апазіцыя, якая неадкладна ўсё разбурыць, што ў Расеі – або Пуцін, або нічога. Што калі не будзе Пуціна, то адразу ж прыйдуць нейкія камуністы ці фашысты, і адразу ж усё нацыяналізуюць. Гэта ўсё байкі, і я намагаўся патлумачыць сёння, што расейская апазіцыя значна больш цывілізаваная, чымся нашыя ўлады”, – кажа Аляксей Навальны.

Бізнесоўцы слухалі блогера з ветліваю цікаўнасцю, але не больш за тое. Як кажуць інвестары, нягледзячы на тое, што яны збольшага падзяляюць погляды Навальнага, да заяваў аб змене ўлады ў Расеі ставяцца скептычна.

“Я думаю, што ён даволі карысны антыкарупцыйны змагар. Аднак сумняюся ў тым, што ягоныя палітычныя намаганні будуць хоць трохі паспяховыя. Ён, здаецца, забываецца, што прэзентуе вельмі малы фрагмент расейскага грамадства. Ён мае гэтую сваю веру ў тое, што адзін адсотак падымецца і павядзе людзей, як тое зрабілі бальшавікі, але гэта вельмі мала верагодна”, – кажа амерыканскі інвестар Эрык Краўс.

“Гэта смелы хлопец, і ў яго шмат адважных амбіцыяў. І, думаю, ён эксперт у сваёй вузкай сферы дзейнасці. Аднак, як і большасць так званай ліберальнай апазіцыі, Навальны трохі наіўны і слаба ўяўляе сабе, як насамрэч дзее Расея”, – упэўнены англійскі эканамічны кансультант Алекзандэр Тэдзі.

Як дзее Расея, ведае мала хто. Прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на 4 сакавіка, вызначаць таго, хто разумее гэта найлепш. Нягледзячы на хвалю грамадскіх пратэстаў і незадаволенасць у грамадстве, Уладзімір Пуцін дагэтуль мае найвышэйшыя шанцы з усіх заяўленых кандыдатаў.

belsat.eu

Стужка навінаў