Далгалёў: Усё адно прыйдзецца ісці да адзінай валюты


Cтатс-сакратар, намеснік міністра замежных справаў Расейскай Федэрацыі Рыгор Карасін і былы пасол Беларусі ў Расеі Васіль Далгалёў пракаментавалі перспектывы інтэграцыі ў Мытным саюзе.

Адказваючы на пытанне пра магчымае ўвядзенне адзінай валюты ў Еўразійскай эканамічнай прасторы, Карасін адзначыў, што гэта патрабуе дэталёвага абмеркавання і прапрацоўкі.

“Лічу, што 2011 год вызначыўся ў нашых дачыненнях самым галоўным – стварэннем Мытнага саюзу і рухам да Еўразійскага эканамічнага саюзу, – сказаў Карасін. – Вельмі шмат залежыць ад таго, як мы будзем рэалізоўваць гэтыя дамоўленасці”.

Дыпламат адзначыў, што сярод пытанняў, якія абмяркоўваліся на ягонай сустрэчы ў беларускім Міністэрстве замежных справаў, ёсць “фінансавы складнік – што будзе з рублём, ці патрэбная новая адзінка валюты АЭП”. “Гэта пытанні няпростыя, неабходнае іх абмеркаванне”, – заявіў Карасін.

Былы пасол Беларусі ў Расеі Васіль Далгалёў адзначыў, што краінам Мытага саюзу “ўсё роўна прыйдзецца ісці да адзінай валюты, да валютнага саюзу”. “Пытанне ў тым, як гэта будзе рабіцца”, – сказаў Далгалёў.

Дыпламат адзначыў, што выступае супраць візавых санкцыяў Еўразвязу адносна шэрагу беларускіх чыноўнікаў. “Беларусь мае быць прэзентаваная на ўсіх форумах і мець магчымасць самастойна адстойваць сваю пазіцыю”, – падкрэсліў ён.

Адказваючы на пытанне, ці азначае гэта, што Расея не бачыць праблемаў у сферы выканання правоў чалавека ў Беларусі, Карасін сказаў: “Вы ведаеце нашую пазіцыю ў падзеях 19 снежня, мы пра гэта шчыра і галосна заявілі. У нас ёсць пытанні наконт гэтага, але гэта не азначае, што блізкая нам Беларусь мае трапляць пад нейкія санкцыі, зневажальныя абмежаванні – усе гэтыя праблемы трэба вырашаць у дыялогу”.

“Проста Еўропе трэба навучыцца часам слухаць, – дадаў былы пасол Беларусі ў Расеі Васіль Далгалёў. – Я калі быў віцэ-прэм’ерам, дакладна таксама трапляў у “чорныя спісы”, хоць курыраваў дачыненні з Нямеччынаю, адкрываў у Гановеры, на EXPO-2000, беларускі павільён. Да нас і бізнес, і астатнія людзі на Захадзе ставяцца цудоўна – паглядзіце, колькі ў нас прадпрыемстваў з замежным капіталам. Праблема ў тым, што нам штосьці хочуць навязаць. У любой краіне дастаткова людзей, не задаволеных уладамі. Праблемы ёсць у кожнай краіны, а выпучваць іх, здзекавацца, спрабаваць заціснуць – гэта контрпрадуктыўны шлях”.

belsat.eu

Стужка навінаў