Кандуктары звальняюцца, каб ісці працаваць прадавачкамі


У Маладзечне цягам апошняга тыдня ў некаторых гарадскіх маршрутах можна было ездзіць без білета. Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», вялікая колькасць кандуктараў звольнілася з Аўтобуснага парку № 4, а кіроўцы, на якіх пераклалі абавязак продажу білетаў, на знак пратэсту адмовіліся гэта рабіць.

Апошнім часам кандуктары масава сыходзілі з працы праз нізкую заработную плату.

«Мы – дзяржаўная ўстанова і не можам падымаць памер заробка так хутка, як растуць кошты ў крамах. Кошт білета фіксаваны, на яго мы не можам паўплываць. Відавочна, што шматлікія нашы супрацоўніцы вырашылі змяніць месца працы. Шмат хто ідзе ўладкоўвацца ў супермаркеты, якія нядаўна адчыніліся ў Маладзечне і цяпер набіраюць персанал. Сам нядаўна праглядаў газету з рэкламай і бачыў, што там прапаноўваюць большыя грошы», – пракаментаваў дырэктар аўтапарку Яўстафій Каравай.

Тым не менш, дырэкцыя аўтапарку не лічыць сітуацыю катастрафічнаю. Паводле Яўстафія Каравая, у штаце не хапае толькі ад 5 да 10 кандуктараў, што таксама звязана з усплёскам захворванняў, характэрным для зімы. У выніку нястачы кандуктараў кіроўцы вымушаныя былі прадаваць білеты, але на некаторых маршрутах (напрыклад, № 19 і 22) такая практыка існавала заўсёды.

«Аўтапарк прыкладае намаганні, каб затрымаць кадры. Са студзеня мы паднялі заробак. Калі раней ён складаў прыблізна 1,4 мільёна, то цяпер на 300 тысяч болей, – патлумачылі ў аддзеле кадраў. – Зразумела, што праца ў нашых супрацоўнікаў нялёгкая. Замест васьмі гадзінаў ім даводзіцца працаваць і па дзесяць, бо існуюць перапынкі і разрывы паміж рэйсамі. Да таго ж пасажыры зрабіліся вельмі нервовыя».

Паводле ж маладзечанскіх кандуктараў, сярэдні заробак складае 1,2 млн руб., і нават яго можна атрымаць, толькі калі працаваць на прыбытковых рэйсах. У прыватнай размове некалькі кандуктараў пацвердзілі, што штат укамплектаваны не больш як на палову.

belsat.eu

Стужка навінаў