Аляксандр Атрошчанкаў: Мы не разлічвалі на сумленнае расследаванне


Паплечнікі Алега Бябеніна называюць прадказальным рашэнне не адкрываць крымінальнай справы па факце смерці апазіцыйнага журналіста. “У нашай краіне пры гэтай уладзе ніякага расследавання не будзе”, – падкрэсліў актывіст кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Аляксандр Атрошчанкаў.

Пра тое, што крымінальнай справы па факце смерці журналіста апазіцыйнага сайту Charter97.org не адкрыюць, стала вядома 1 снежня. Пра гэта паведаміла старэйшая памочніца пракурора Менскай вобласці Таццяна Калініна.

Аляксандр Атрошчанкаў, прэс-сакратар кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава, упэўнены, што расследаванне смерці Алега Бябеніна не было ўсебаковым. “Ёсць такая практыка: калі здараецца няшчасны выпадак ці нейкае здарэнне, крымінальная справа пачынаецца адразу. А калі загінуў пры таямнічых абставінах адзін з кіраўнікоў штабу апазіцыйнага кандыдата за некалькі дзён да абвешчання выбараў, крымінальная справа не пачынаецца. Гэта лішняе пацверджанне таго, што ў гэтай справе шмат няяснага”, –дадаў актывіст кампаніі “Еўрапейская Беларусь”.

Андрэй Саннікаў заявіў, што ўлады Беларусі смерць Бябеніна ператварылі ў палітычную гульню з Еўропаю. “Экспертаў АБСЕ, якія прыязджалі для ацэнкі расследавання, яны проста выкарысталі. І ні следства, ні эксперты АБСЕ не развеялі нашых сумневаў у тым, што Бябенін быў забіты, а не скончыў жыццё самагубствам. Наадварот, яны толькі ўзмацнілі нашыя падазрэнні”, – дадаў палітык.

belsat.eu
https://youtu.be/nxdKSFXmDf8

Глядзі таксама
Каментары