Багданкевіч: Крэдыт ад МВФ – толькі пасля эканамічных рэформаў


Сёння, 30 студзеня, старшыня праўлення Нацбанку Надзея Ермакова заявіла, што ў лютым улады Беларусі маюць намер абмеркаваць з місіяй Міжнароднага валютнага фонду пытанне новай крэдытнай праграмы.

Паводле яе, хадайніцтва Беларусі ўжо разглядаецца ў МВФ.

Экс-старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч падкрэслівае: Беларусь як паўнапраўны сябар МВФ мае поўнае права прасіць такі крэдыт. Аднак фонд выдае дапамогу толькі ў тым выпадку, калі краіна, якая па яе звяртаецца, прэзентуе комплекс эканамічных рэформаў і праграму таго, куды пойдуць пазычаныя грошы.

«Урад цяпер не адназначны: адна палова хацела б рэформаў, а другая трымае статус-кво, таму і заявы гэтыя ўвесь час змяняюцца. У Беларусі няма ніякай праграмы выхаду з крызісу. Нават ацэнкі крызісу няма. Яны кажуць: «часовыя праблемы»… Гэта абвал валюты ў тры разы – не крызіс?» – кажа Станіслаў Багданкевіч.

Аднак шанцы ёсць – пакуль абменны курс валюты вызначаецца на падставе попыту і прапановы. Але ўрад мусіць прэзентаваць Валютнаму фонду праграму канкрэтных рэформаў, зацверджаную і прэзідэнтам, і парламентам.

Запазычанасць Беларусі перад МВФ складае цяпер $ 3,8 млрд, дадала кіраўніца Нацбанку.

У 2012 г. Беларусь мусіць адправіць на пагашэнне вонкавай дзяржаўнай пазыкі больш як $ 1,6 млрд. У наступныя два гады штогадовыя выплаты для пагашэння вонкавай дзяржаўнай пазыкі перавысяць $ 3 млрд.

belsat.eu

Стужка навінаў