У Беларусі мусіць з’явіцца закон пра валанцёрства


Яго стварэнне ініцыюе Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Кіраўніцтва найбуйнейшай валанцёрскай арганізацыі мяркуе, што ў сённяшніх умовах заканадаўчая база для працы добраахвотнікаў неабходная. Арганізацыя налічвае больш за 17 тыс. валанцёраў рознага ўзросту.

«Падчас працы з валанцёрамі мы сутыкаемся са шматлікімі праблемамі, заканадаўча, напрыклад, не прадугледжаная кампенсацыя выдаткаў на праезд або харчаванне пазаштатным працаўнікам Чырвонага Крыжа, якімі ёсць валанцёры, – патлумачыла намесніца генеральнага сакратара ў справах моладзі Чырвонага Крыжа Іна Лемяшэўская. – У ідэале паміж валанцёрам і грамадскай арганізацыяй мае заключацца дамова пра абавязкі абодвух бакоў, мусяць уводзіцца абмежаванні наконт узросту, бо відавочна, што непаўналетнія добраахвотнікі ні ў якім разе не мусяць прыцягвацца да цяжкай фізічнай працы. Трэба прадугледзець выпадкі страхавання валанцёраў і кампенсацыі выдаткаў на навучанне».

Закон, які б акрэсліў прававы статус добраахвотнікаў, пачыналі распрацоўваць на пачатку 2000-х гг., але тады ён так і згубіўся ў кабінетах чыноўнікаў.

У Лізе добраахвотнай працы моладзі патлумачылі, што распрацоўванне закону пра валанцёраў шмат у якіх момантах спрасціла б сітуацыю, але памкненне дапамагаць людзям і прыродзе ў любым выпадку нельга абмежаваць нават цяпер.

«Большасць добраахвотнікаў, якія звяртаюцца да нас з жаданнем паўдзельнічаць у шматлікіх акцыях і праектах, – моладзь ад 18 да 27 гадоў. У іх хапае энергіі, каб сумяшчаць вучобу і дапамогу. Калі нашым валанцёрам для ўдзелу ў акцыях трэба прапусціць заняткі, то каб пазбегчы праблемаў у навучальных установах, мы выдаём тлумачальныя лісты. Звычайна навучальныя ўстановы ставяцца да гэтага з разуменнем», – расказала каардынатарка міжнародных праектаў Лігі Алена Яскевіч.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары