«Адкасіць» ад войска каштуе 4 тысячы долараў


Лекар Магілёўскай абласной бальніцы падазраецца ў атрыманні хабару прынамсі ад 44 прызыўнікоў

Як паведамляе начальнік УУС Магілёўскага аблвыканкаму Фёдар Балейка, загадчык аддзялення неўралогіі Магілёўскай абласной бальніцы браў хабары ад прызыўнікоў за тое, што ставіў ім дыягназы, не сумяшчальныя са службай у войску. Лекара затрымалі пры атрыманні хабару памерам 4 тыс. долараў, супраць яго завялі крымінальную справу. «Падчас расследавання высветлілася, што толькі па Мсціслаўскім раёне падазраваны прыпісаў фіктыўныя дыягназы 44 прызыўнікам. Цяпер праверка працягваецца, высвятляем, ці «супрацоўнічаў» лекар з прадстаўнікамі ваенкаматаў», – адзначылі ў міліцыі.

Цікава, што па выніках пракурорскай праверкі паводле стану на кастрычнік 2011 г. у Магілёўскай вобласці не было зафіксавана ніводнага карупцыйнага дзеяння. Пра гэта ў сваёй справаздачы заяўляў Аляксандр Катлярэнка – намеснік магілёўскага міжгарнізоннага ваеннага пракурора: «Магілёўская міжгарнізонная ваенная пракуратура рэгулярна праводзіць праверкі правільнай арганізацыі прыпіскі і прызыву грамадзянаў на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, а таксама абгрунтаванасці вызвалення ад ваеннай службы і адтэрміновак. Парушэнняў карупцыйнага характару з боку службовых асобаў прызыўных камісіяў і ваенных камісарыятаў не выяўлена».

Пры гэтым вайскоўцы звяртаюць увагу на іншую актуальную праблему – ухіленне ад службы ў войску сярод маладзёнаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, падчас правядзення летняга прызыву – 2011 на тэрміновую ваенную службу ў ваенкаматы вобласці без паважных прычынаў не з’явіліся 1184 прызыўнікі. З іх прымусова ў ваенныя камісарыяты даставілі 85 чалавек, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 47 асобаў. Пры гэтым 776 прызыўнікоў ваенныя камісары так і не здолелі адшукаць.

Разам з тым, прызыўнікі цікавяцца магчымасцю прайсці альтэрнатыўную грамадзянскую службу (АГС). Як паведаміў прадстаўнік кампаніі «За АГС у Беларусі» Міхаіл Пашкевіч, за год каля тысячы чалавек звярнуліся да іх па кансультацыю ў пытанні заканадаўства ў гэтай сферы. «У Беларусі цяпер працуе прынцып – сфармаваць войска любым чынам. Я не бяруся казаць пра хабары, аднак тое, што парушэнняў пры прызыве хапае, – гэта дакладна. Наша кампанія рыхтуе маніторынг сітуацыі за год, дзе будуць выкладзеныя канкрэтныя прыклады, калі людзей з цяжкімі захворваннямі забіралі ў войска, парушаючы закон. У хуткім часе наша кампанія пяройдзе на іншы ўзровень, мы будзем працаваць як цэнтр правоў прызыўніка», – адзначыў суразмоўца.

Гарачая лінія АГС: +37525 999-46-99 з 10 да 17 гадзінаў з панядзелка па пятніцу, e-mail: ags.belarus@gmail.com – бясплатныя кансультацыі для прызаўнікоў

belsat.eu

Стужка навінаў