Беларускія мужчыны не займаюцца дзецьмі


Толькі 1 % беларускіх мужчынаў бярэ дэкрэтны адпачынак для дагляду за дзіцём – такую статыстыку агучыла Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. У міністэрстве мяркуюць, што мізэрны працэнт, у адрозненне ад краінаў Еўразвязу, абумоўлены нізкай адказнасцю мужчынаў за выхаванне дзіцяці.

«Беларусы паводле сваёй сутнасці кансерватары. Стагоддзямі існавала меркаванне, што мужчына мусіць зарабляць грошы, а жанчына – даглядаць дом і выхоўваць дзіця. Змяніць стэрэатып надзвычай складана», – мяркуе псіхолаг Ганна Няглінная.

Згодна з законам, абое бацькоў маюць права ісці ў адпачынак для дагляду за дзіцём. Але мужчыны карыстаюцца гэтаю магчымасцю вельмі рэдка: адна з прычынаў – заробак мужчынаў у большасці выпадкаў вышэйшы за жаночы, а расціць дзіця на дапамогу памерам 594 тыс. руб. немагчыма.

Мадэратар адной з менскіх «тата-школаў» Андрэй кажа, што мужчыны не мусяць сядзець у дэкрэце.

«Калі тата мусіць замяняць маці, то нічога добрага для дзіцяці гэта не прынясе. Тата мусіць выконваць функцыі, якія можа здзейсніць толькі ён. Калі матуля аберагае дзіця ад любой паніжанай тэмпературы, то тата мусіць гуляць з дзіцём пры адкрытай фортцы, што будзе толькі карысна для немаўляці. Мужчына мусіць практыкаваць актыўныя фізічныя гульні з уласным дзіцём, а справа матулі – карміць і песціць. Беларускія мужчыны пачынаюць больш займацца з дзецьмі, калі тыя пачынаюць хадзіць», – кажа адмысловец.

belsat.eu

Стужка навінаў