На навуку выдзеляць 1,4 трлн рублёў


Гэта ў 1,8 разу больш, чымся ў 2011 годзе.

Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка падчас урачыстасцяў, прысвечаных Дню навукі. Ён нагадаў, што летась на фінансаванне навукі было накіравана з бюджэту больш за 790 млрд руб. Сродкі, якія вылучаць сёлета, трэба выкарыстоўваць з максімальным эфектам і плёнам, падкрэсліў чыноўнік. “Мы высока ацэньваем дасягненні беларускіх навукоўцаў, але разам з тым даводзіцца канстатаваць, што ёсць праблемы з увядзеннем інавацыяў. Часта ад распрацоўкі да яе выкарыстання мінаюць гады, і гэтыя інавацыі безнадзейна губляюць актуальнасць. Галоўны дэфіцыт сучаснай эканомікі – гэта не энерганосьбіты, не сыравіна, а дэфіцыт ноў-гаў”, – лічыць Уладзімір Сямашка.

Вядома, што навукоўцам абяцаюць павысіць заробак да $ 400–500. Цяпер сярэдні заробак – 4 млн руб. (згодна са звесткамі Дзяржаўнага камітэту навукі ды тэхналогіі). Да таго ж, з бюджэту будуць фінансавацца супольныя навуковыя праекты ў межах Адзінай эканамічнай прасторы – з Расеяй і Казахстанам.

Падчас абмеркавання чыноўнікі звярнулі ўвагу на тое, што адною з вострых праблемаў беларускай навукі застаецца эміграцыя маладых адмыслоўцаў. Найчасцей беларусы едуць у Расею, ЗША і Нямеччыну.

Паводле старэйшага інспектара аддзелу вонкавай міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Наталлі Кацікавай, у 2011 г. афіцыйна свой ад’езд зафіксавалі толькі 5000 чалавек. Пры гэтым рэальныя лічбы могуць быць зусім іншыя. “Статыстыка не дазваляе прасачыць, хто з нашых грамадзянаў, якія з’ехалі, працуе за мяжою менеджарамі ды наагул у інтэлектуальнай сферы. Аднак менавіта гэтая катэгорыя насельніцтва з’язджае з краіны найчасцей”, – адзначыла суразмоўца.

Паводле сацыялагічнага апытання НІСЭПД, 70 % апытаных маладзёнаў хацелі б з’ехаць з Беларусі, калі б з’явілася магчымасць. Незалежныя эксперты прагназуюць, што калі эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў найбліжэйшы не палепшае, краіна можа недалічыцца каля 300 000 кваліфікаваных працаўнікоў.

belsat.eu

Стужка навінаў