Бельгія: першы маштабны страйк за 20 гадоў


Бельгійцы распачалі страйк супраць планаў ураду павысіць пенсійны ўзрост ды супраць захадаў, праз якія ўлады краіны хочуць зэканоміць у 2012 г. каля 11,3 млрд еўраў. Гэта першы ўсеагульны страйк у Бельгіі з 1993 г.

Не працуе чыгуначны і гарадскі транспарт, закрытыя шматлікія крамы і навучальныя ўстановы. Спыніўся таксама шэраг буйных прадпрыемстваў, у тым ліку заводы “Audi” і “Volvo”.

“Мы баімся, што планы эканоміі на гэтым не спыняцца, а далей будзе яшчэ горш, – вось чаму мы пратэстуем, – гаворыць адзін з удзельнікаў страйку. – Яны будуць эканоміць на пенсіях, дапамозе беспрацоўным”.

Бельгія забавязалася прывесці дэфіцыт бюджэту да нормаў Еўразвязу, што складае 3 % ад ВУП. Урад спадзяецца такім чынам пазбегнуць штрафаў ЕЗ і прадэманстраваць інвестарам, што фінансы пад поўным кантролем.

Страйк супаў з правядзеннем 17-га саміту краінаў Еўразвязу, падчас якога, як чакаецца, будуць прынятыя правілы дзеля збалансавання бюджэтаў краінаў ЕЗ.

belsat.eu

Стужка навінаў