Беларусь просіць крэдыт у МВФ, каб выплаціць пазыкі (дапоўнена)


У лютым улады Беларусі маюць намер абмеркаваць з місіяй Міжнароднага валютнага фонду пытанне аб новай крэдытнай праграме. Пра гэта паведаміла старшыня праўлення Нацыянальнага банку Надзея Ермакова на прэс-канферэнцыі ў Менску 30 студзеня.

Паводле яе, хадайніцтва Беларусі аб новай праграме цяпер разглядаюць у Міжнародным валютным фондзе. “У лютым мы будзем зноў абмяркоўваць гэтае пытанне. Нашая прапанова – рэфінансаваць тую запазычанасць, якая ёсць у нас перад МВФ”, – сказала Ермакова.

Запазычанасць Беларусі перад МВФ цяпер складае $ 3,8 млрд, дадала кіраўніца Нацбанку.

У 2012 г. Беларусь мусіць адправіць на пагашэнне вонкавага дзярждоўгу больш як $ 1,6 млрд. У наступныя два гады (2013–2014) штогадовыя выплаты дзеля пагашэння вонкавага дзяржаўнага доўгу перавысяць $ 3 млрд.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, новы крэдыт МВФ можа выдаць Беларусі ў тым выпадку, калі афіцыйны Менск пагодзіцца на праграму рэформаў, што прадугледжвае жорсткую грашова-крэдытную і бюджэтна-падатковую палітыку, а таксама структурныя змяненні ў рэальным сектары эканомікі.

belsat.eu

Стужка навінаў