Змітру Бандарэнку зрабілі больш жорсткія ўмовы ўтрымання


https://youtu.be/K-WQ7xWTOMs
Палітвязню, што перанёс аперацыю на хрыбетніку, забаранілі карыстацца мыліцаю. “Яму не дазволілі насіць мяккі зручны абутак, які я яму перадала, – распавядае жонка вязня. – Цяпер ён мае нахіляцца, каб надзець жорсткія турэмныя чаравікі. Забаронена ўдзень ляжаць – ён мусіць выходзіць на паверку на пляц, хадзіць у шыхце. Яму прызначаныя лёгкія віды працаў”.

Зміцер Бандарэнка ўтрымліваецца ў калоніі № 15 у Магілёве. Пра змены ўмоваў ён распавёў сваёй жонцы Вользе па тэлефоне.

Са словаў Вольгі, яна “не можа ўявіць”, як ейны муж будзе хадзіць у шыхце, “бо нават па лесвіцы ён спускаўся з асцярогаю”. “Як ён будзе на марозе стаяць? Для хрыбетніка і суставаў холад забойчы. Не магу ўявіць, якія працы ён можа выконваць, бо ён не здольны рэзка паварочвацца, яму нельга падымаць цяжкасцяў, седзячы працаваць ён таксама не можа. Нават падчас нашага спаткання ён некалькі разоў падымаўся – яму цяжка сядзець. Чаму яго перавялі на такі рэжым? У яго не было ніводнага спагнання”, – кажа жонка зняволенага.

Паводле Вольгі, прашэння аб памілаванні на імя Лукашэнкі ейны муж не пісаў, але цікавіўся, як бы яна паставілася да такога кроку.

Зміцер Бандарэнка асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту пазалетась у снежні ў Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворванні, у ліпені яму зрабілі аперацыю на хрыбетніку ў 5-м клінічным шпіталі Менску.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары