Адрэстаўраваны Нясвіж абвесцілі культурнаю сталіцаю


Нясвіж стаў трэцім горадам, які атрымаў ганаровы статус культурнай сталіцы Беларусі. У 2011 г. такі меў Гомель, у 2010 г. – Полацк. Фінансавае і арганізацыйнае падтрыманне праекту ажыццяўляюць Міністэрства культуры, Менскі абласны выканаўчы камітэт, Нясвіжскі райвыканкам, спонсары і мецэнаты.

Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця была падпісаная праграма культурных падзеяў года і ўручаны сертыфікат і сімвал культурнай сталіцы Беларусі.

Госці імпрэзы пабывалі ў палацавым ансамблі Радзівілаў, дзе яшчэ не завершаныя рэстаўрацыйныя працы. У тэатральнай зале палацу прайшоў канцэрт опернага мастацтва “Музычныя скарбы Нясвіжу”.

На працягу года ў Нясвіжы будуць прэзентаваныя найлепшыя творчыя праекты краіны. Запланаваныя цыклы канцэртаў беларускай старажытнай музыкі, канцэрты ўдзельнікаў міжнародных фестываляў “Уладзімір Співакоў запрашае…” і Юрыя Башмета, опернага і балетнага мастацтва “Вечары Вялікага тэатру ў Нясвіжскім палацы Радзівілаў”.

Адбудуцца XVII свята мастацтваў “Музы Нясвіжу” з удзелам Нацыянальнага канцэртнага аркестру Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, “Ноч музеяў у Нясвіжскім палацы Радзівілаў”, канцэрт з цыклу “Залатая калекцыя беларускай песні” ды інш.

Упершыню ў краіне пройдзе форум прафесійных тэатраў “Тэатр Уршулі Радзівіл” з паказам спектакляў, звязаных з гісторыяй гэтага магнацкага роду.

Таксама ўпершыню адбудзецца міжнародны семінар ЮНЕСКА “Аб’екты сусветнай спадчыны: захаванне і выкарыстанне дзеля ўстойлівага развіцця” з удзелам галоўных экспертаў у сферы аховы гістарычна-культурнай спадчыны з розных краінаў.

Галоўнаю падзеяй акцыі “Нясвіж – культурная сталіца Беларусі 2012 г.” стане афіцыйнае адкрыццё палацавага ансамблю Радзівілаў XVI—XVIII стст., што мае адбыцца напрыканцы красавіка.

belsat.eu
https://youtu.be/UT6eEBFMyOE

Глядзі таксама
Каментары