Расея: пратэставалі аўтамабілісты і пешаходы


Сотні аўтаў з белымі стужкамі ды балонікамі ўзялі ўдзел у аўтапрабезе па Садовым кальцы ў Маскве ў нядзелю. Іх віталі пешаходы, што адмыслова прыйшлі з белымі шалікамі, каб далучыцца да акцыі супраць фальсіфікацыі выбараў.

Ідэя акцыі “Белы круг” нарадзілася ў сацыяльных сетках. Аўтамабілісты з белаю сімволікаю арганізавана ехалі ў правых шэрагах Садовага кальца, часткова блакуючы рух. Адрозна ад “маўклівых пратэстаў”, што падобным чынам узніклі ў свой час у Беларусі, пратэсты ў Расеі падтрымалі і вядомыя лідары апазіцыі – напрыклад, Барыс Нямцоў і Аляксей Навальны.

Арганізатары і ўдзельнікі пратэсту лічаць, што акцыя ўдалася. Паводле некаторых ацэнак, у аўтапрабезе паўдзельнічалі больш за тры тысячы аўтаў, праваахоўнікі кажуць пра “некалькі соцень”.

Фактычна аўтапрабег – частка агітацыйнай кампаніі да ўдзелу ў маштабным маршы і мітынгу пратэсту, які запланаваны ў Маскве на 4 лютага. “Людзі адзін аднаго вітаюць, вельмі зычлівыя. Ва ўсіх бягуць мурашкі па скуры – агромністы крэатыў! 4 лютага, думаю, будзе ўсё цудоўна”, – гаворыць сустаршыня незарэгістраванай партыі Барыс Нямцоў.

belsat.eu

Стужка навінаў