Перажыць зіму


Нарэшце прыйшла сапраўдная зіма, а бліжэйшымі днямі сіноптыкі абяцаюць, што слупкі тэрмометраў апусцяцца і да –20°С. А гэта значыць, што для тых, хто не мае жытла, надышлі самыя складаныя часы. Міліцыя і дактары рыхтуюцца да штогадовага росту смяротнасці сярод бяздомнікаў, а жыхары кватэрных дамоў – да новых суседзяў у пад’ездах і сутарэннях.

Уладзімір на вуліцы аказаўся летась 4 лістапада, акурат у дзень прыезду прэзідэнта ў Горадню – успамінае ён. Яго выселілі з інтэрнату за нявыплату, пра якую, паводле мужчыны, ён нават не ведаў. Былая жонка, з якой ён расстаўся больш за 9 гадоў таму, вырашыла, што плаціць за жытло трэба асобна, аднак былому мужу пра гэта не паведаміла. З той пары ён ночыць літаральна дзе прыйдзецца. Пасля Уладзімір зламаў хрыбетнік, і яго не прымаюць у дзяржаўныя прытулкі. На працу ўладкавацца з такім здароўем таксама немагчыма.

«Я прафесійны муляр, але цяпер паводле стану здароўя ўвогуле – пералом ключыцы, а цяпер яшчэ і хрыбетнік… Так што я нікому абсалютна не патрэбны… І маці мая адмовілася ад мяне», – распавядае Уладзімір.

Ён такі не адзін, аднак улады гораду лічаць, што 50 месцаў у прытулку – больш чым дастаткова для абласнога цэнтру. Афіцыйнага ўліку бяздомнікаў няма, і ніхто не можа сказаць, колькі з іх ночыць у сутарэннях і пад’ездах.

У Горадні ёсць месца, дзе атрымаць дапамогу значна лягчэй, чымся ў дзяржаўных установах. У касцёле брыгітак бяздомнікаў кормяць рэгулярна. Тут, у чарзе па абед і адзенне, сустракаюцца былыя рабочыя ды інтэлігенты, якія аднойчы перасталі змагацца за сябе.

«Да нас ходзяць каля 75 чалавек. Каб хадзіць сюды, трэба зрабіць сабе даведку. Для гэтага трэба прайсці флюараграфію і санпрапускнік, што яны не маюць ні каросты, ні вошаў. Пасля ідуць у «Карытас», і там ім выпісваюць даведку», – кажа сястра Санцыя.

belsat.eu

Стужка навінаў