Мілінкевіч: Выбараў, па сутнасці, няма, значыць і байкатаваць няма чаго


Такое меркаванне выказаў адзіны кандыдат на прэзідэнта ад дэмакратычных сілаў на выбарах 2006 г., лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, які наведаў Магілёў з нагоды святкавання 435-й гадавіны атрымання горадам Магдэбургскага права.

«Выбараў няма, ніхто сумленна не лічыць галасоў. Улада будзе прызначаць, гэта відавочна, новы парламент. Байкот у такім выкананні, што «мы на вашы агідныя выбары не пойдзем», цяжка рэалізаваць», – мяркуе палітык. На ягоную думку, каб такі байкот быў эфектыўны, спатрэбіцца вялікая колькасць людзей, якія распаўсюджваюць пра яго інфармацыю.

Для Мілінкевіча бліжэйшая іншая пазіцыя – актыўны ўдзел дэмакратычных сілаў у выбарчых працэдурах. «Каб быў грамадскі дыялог, дыялог з людзьмі, – растлумачыў палітык. – Да людзей трэба давесці больш інфармацыі пра тое, што адбываецца, чаму ў краіне крызіс, чаму гэтая ўлада не мае перспектываў. Але ёсць палітзняволеныя, таму я зняўся б перад самым галасаваннем».

Ацэньваючы палітычную сітуацыю, Мілінкевіч заявіў, што «ўлада жыве ва ўмовах жорсткага крызісу, які сама ж пераважна і справакавала», а таксама ва ўмовах «наступстваў падзеяў 19 снежня 2010 года». «Рэпрэсіі ўзмацняюцца, бо ўлады так і не навучыліся кіраваць краінаю без страху, без дубінкі», – кажа экс-кандыдат на прэзідэнта. Ён лічыць, што на сітуацыю ў Беларусі могуць паўплываць міжнародныя санкцыі – «дыпламатычныя, палітычныя, вельмі шырокія візавыя і кропкавыя эканамічныя». «Але я супраць шырокіх эканамічных санкцыяў, – падкрэсліў Мілінкевіч. – Мала калі яны змянілі лад на дэмакратычны». Акрамя таго, упэўнены палітык, шырокія эканамічныя санкцыі могуць паменшыць прадэмакратычныя і праеўрапейскія настроі ў грамадстве.

Каментуючы апошнія падзеі вакол кандыдата на прэзідэнта на выбарах 2010 г. Андрэя Саннікава, што, як высветлілася на мінулым тыдні, звярнуўся да Лукашэнкі з прашэннем аб памілаванні, Мілінкевіч падкрэсліў: Саннікаў – вельмі мужны чалавек, моцны палітык. «Я хацеў бы, каб ён хутчэй быў на волі і працаваў на Беларусь», – заявіў лідар руху «За Свабоду».

Мілінкевіч назваў цяперашнюю сітуацыю момантам вялікай адказнасці. «Для нас важна зрабіць краіну свабоднай і захаваць Беларусь, яна перад пагрозай знікнення. Можа адбыцца эканамічная анексія з боку Расеі, гэта відавочна – у Расеі ёсць такія імперскія настроі. Нам важна, каб мы былі суверэннаю краінаю», – падкрэсліў палітык.

belsat.eu

Стужка навінаў