«Граніт» пакуль трымаецца


Канфлікт паміж працаўнікамі ды адміністрацыяй Мікашэвіцкага прадпрыемства «Граніт» працягваецца ўжо месяц. За гэты час звольнілі некалькі кіраўнікоў прадпрыемства, а рабочыя стварылі незалежны прафсаюз. Кіраўніцтва працягвае ціск на сябраў прафсаюзу, частка працаўнікоў ужо выйшла з арганізацыі. Рэшта ж працягвае змагацца за свае правы.

Пераважна ціск ажыццяўляецца на сваякоў сябраў незалежнага прафсаюзу. Гэтак, цесць Леаніда Гладзевіча, у мінулым адзін з кіраўнікоў «Граніту», паставіў зяцю ўльтыматум: сяброўства ў арганізацыі або дачка. У выніку Леанід абвесціў галадоўку і чакае сустрэчы з кіраўніком Берасцейскай вобласці.

Але і тыя, хто быў вымушаны выйсці з незалежнага прафсаюзу, абяцаюць вярнуцца, як толькі арганізацыя атрымае юрыдычны адрас. Зразумеўшы, што лідараў прафсаюзу запужаць не атрымаецца, улады пайшлі на больш жорсткія захады.

«Мяне выклікалі ў гарадское аддзяленне міліцыі. Там мяне чакаў супрацоўнік ДАІ і сказаў, што на мяне завялі адміністратыўную справу. Але ж у гэты дзень мяне ніхто не спыняў, і працаўнікоў ДАІ я ўвогуле не бачыў. У выніку ён мне сказаў, што 7 гадзінаў таму я нібыта парушыў правілы дарожнага руху, не прапусціўшы пешаходаў і стварыўшы аварыйную сітуацыю. Начальнік ДАІ вынес мне штраф шэсць базавых і пазбаўленне правоў на шэсць гадоў. А гэта аўтаматычна азначае звальненне з працы. Я напісаў скаргу і сёння атрымаў адказ, што справу разгледзяць у судзе», – кажа Алег Стахаевіч, лідар незалежнага прафсаюзу «Граніту».

У выніку скаргі абвінавачанне супраць Стахаевіча змянілася – замест няпропуску пешаходаў ДАІ вінаваціць яго ў кіраванні транспартам у стане алкагольнага ап’янення. Гэта нягледзячы на тое, што машыны рабочага працаўнікі ДАІ нават не спынялі.

Гарнякі з Мікашэвічаў не адзінокія ў сваіх пратэстах і спробах абараніць працоўныя правы. Толькі цягам апошняга месяца ўвага медыяў была прыкаваная прынамсі да трох падобных выпадкаў: на прадпрыемстве «Прамжылбуд» 15 працоўных выступілі ў абарону свайго калегі, з якім не працягнулі кантракту; працаўнікі Сельскага будаўнічага камбінату ў Віцебску выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу і вярнуліся толькі пасля таго, як ім паабяцалі павялічыць заробак і палепшыць умовы працы; на Скідзельскай бройлернай фабрыцы канфлікт таксама залагодзілі.

Паводле сябраў незалежнага прафсаюзу, ім часта тэлефануюць працоўныя з іншых прадпрыемстваў краіны.

«Тэлефануюць, пытаюць, як мы. Адчуваем, што змагаемся за свае правы, запісаныя ў Канстытуцыі. Людзі цікавяцца з іншых прадпрыемстваў, глядзяць на нас, і мне хацелася б, каб мы пратрымаліся да канца і каб мы маглі падцягнуць іншых людзей, каб яны бачылі, як хлопцы з Мікашэвічаў, горназаводчыкі, пратрымаліся. І мы іх будзем прыцягваць у свой незалежны прафсаюз», – спадзяецца сябра незалежнага прафсаюзу «Граніту» Аляксандр Кушнярэвіч.

belsat.eu
https://youtu.be/Aew0S3jyRJ4
https://youtu.be/cLcnBUObY_o

Глядзі таксама
Каментары