МТС зрабіў падарункі пацярпелым абанентам


Аператар мабільнай сувязі МТС пачаў налічваць кампенсацыю сваім абанентам, якія пацярпелі падчас прафілактычных працаў у сетцы.

Нагадаем, у мінулы панядзелак рахункі шмат якіх абанентаў, якія карысталіся на выходных інтэрнэтам, аказаўся ў глыбокім мінусе. Праз тэхнічныя збоі пакласці грошы не ўдавалася, таму тысячы чалавек засталіся без сувязі. Праз некалькі дзён кампанія правяла пераразлік, і спісаныя сродкі вярнуліся абанентам.

Сёння зраніку пацярпелыя сталі атрымліваць СМС-паведамленні. “Мне напісалі, што да канца выходных усе званкі ўнутры сеткі будуць бясплатныя. Вядома ж, дзякуй, але я ўжо сумняюся, ці не здымуць у мяне грошы праз нейкі збой”, – кажа адзін з абанентаў, у якога з рахунку прапалі 50 тыс. руб.

У сервіснай службе МТС “Белсату” паведамілі наступнае: “Некаторыя абаненты атрымалі 1 гігабайт бясплатнага трафіку на паўгода, некаторыя – бясплатныя званкі на выходныя. Тым, у каго знялося шмат грошай, мы дорым і інтэрнэт, і сувязь”.

Як вынікае з абмеркаванняў на інтэрнэт-форумах, падарункі ад мабільнага аператара атрымалі і некаторыя абаненты, якія не пацярпелі падчас збою сістэмы білінгу.

belsat.eu

Стужка навінаў