У Беларусі прайшлі забегі на сабачых запрэжках


Зімовыя гонкі “Завіруха-2012” адбыліся каля хутара Арлоўшчына ў Валожынскім раёне.

Гледачы былі ў захапленні перадусім ад галоўных герояў: сабакаў хаскі. Гэтую пароду адмыслова вывелі для таго, каб цягнуць запрэжкі ў холад і завіруху.

У спаборніцтвах узялі ўдзел людзі ды сабакі з пяці краінаў: Беларусі, Украіны, Расеі, Латвіі і Літвы.

“У нас з’явіліся сабакі хаскі, якім неабходныя фізічныя нагрузкі, і мы былі вымушаныя займацца спортам, весці актыўны лад жыцця, шмат гуляць і ездзіць. І адзін з простых варыянтаў – гэта стаць на лыжы ці на нарты і паехаць з сабакам”, – кажа старшыня ГА “Клуб паўночных ездавых сабак” Вольга Ведзянеева.

“Мы не ехалі, літаральна ляцелі! Выдатна, усім трэба паспрабаваць”. – кажа літоўская ўдзельніца бягоў Інгрыда Ваітку.
“У тым годзе завялі сабаку, але толькі зараз атрымалася паўдзельнічаць. Будзем трэніравацца і ўдзельнічаць надалей”. – дзеліцца планамі чарговая ўдзельніца Карына Данчанкава.

“Белсат” запытаўся ў наведнікаў, ці не шкадуюць яны, што ў такую халадэчу выбраліся на прыроду.

“Атмасфера вельмі класная. Нягледзячы на мароз, сабакі неверагодныя, у Менску іх гэтак не ўбачыш, а тут сабраліся хіба самыя лепшыя, самыя прыгожыя. Нават не чакала, што ў Беларусі гэта настолькі развітае”, – падзялілася ўражаннямі наведніца.

“Вельмі падабаецца! Усё падабаецца: надвор’е, сабакі, арганізацыя – усё падабаецца”, – згаджаюцца з ёю жанчыны сталага веку.

“Вельмі падабаецца, бо атмасфера пануе выдатная, і сабакі цудоўныя, і ўсё супер, карацей. Прыедзем налета, калі будуць арганізоўваць”, – кажуць студэнты.

“Прырода, надвор’е – усё цудоўна і здорава, і настрой выдатны! “Мороз и солнце, день чудесный!” – не баіцца халадоў малады чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў