Магілёўшчына і Віцебшчына правалілі план будаўніцтва


Летась у Беларусі запланавалі пабудаваць 7,5 мільёнаў квадратных метраў жылля. Але вынікі года аказаліся несуцяшальнымі. Паводле заяваў міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Нічкасава, у 2011 было ўведзена ў эксплуатацыю ўсяго 5,5 мільёнаў квадратных метраў, гэта значыць 73% да гадавога плана.

Прычым аутсайдэрамі прадказальна сталі Магілёўшчына і Віцебшчына, дзе план не выканалі нават на 60%. Напрыклад, у Магілёўскай вобласці пабудавалі 500 тысяч квадратных метраў, хоць меліся ўзвесці 850 тысяч. У той жа час Брэстчына і Гродзеншчына выканалі хаця б па 80% ад плана.

“За 2011 год з Магілёва з’ехала, па нашых падліках, 3 780 будаўнікоў. І гэта толькі з самога горада, не кажучы пра вобласць”, – наракае дырэктар магілёўскага Упраўлення капітальнага будаўніцтва Генадзь Дзенгалёў.

Пасля падзення заробкаў, выкліканага дэвальвацыяй, будаўнікі пачалі шукаць працу ў Расіі. На будоўлях у Менску паўсюль вісяць аб’явы: “Шукаюцца муляры для працы ў Падмаскоўі. Заробак – $1,5 тысячы». Але найбольш будаўнікоў з’язджалі з Магілёўшчыны і Віцебшчыны. “Умовы працы ў Расіі трохі горшыя, чым у нас. І ў плане бяспекі, і ў плане ўпэўненасці, што цябе не выкінуць з будоўлі без грошай, – прызнаецца будаўнік Аляксандр Семяновіч, які пасля паўгоду працы часова вярнуўся ў Беларусь. – Але заробкі – неба і зямля. Там за месяц я атрымліваў, як дома за два”.

Сёлета ўрад спадзяецца паступова памяншыць колькасць будуемага жылля. На думку чыноўнікаў, будавацца з дапамогай ільготных крэдытаў будуць толькі некаторыя з тых, хто маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Тым не менш, цалкам адмаўляцца ад дапамогі грамадзнам дзяржава не мае намеру, разумеючы, што для многіх 9%-ыя крэдыты – адзіны шанец вырашыць сваё кватэрнае пытанне.

“У 2012 годзе мы плануем пабудаваць каля 5,2 мільёнаў квадратных метраў жылой нерухомасці, але далёка не ўсё будаўніцтва будзе ісці ў Беларусі. Каля 700 тысяч квадратных метроў мы пабудуем за мяжой”, – паведамляе Анатоль Нічкасаў.

belsat.eu

Стужка навінаў