“Шанцы Беларусі атрымаць Нобэля – вельмі вялікія”


За вылучэнне беларуса падпісаліся больш за дзвесце польскіх дэпутатаў ды некалькі дзясяткаў парламентароў з 27 краінаў Старога кантыненту. Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы нават прыняла афіцыйную заяву з падтрыманнем кандыдатуры праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

“Я лічу, шанцы на тое, што Алесь Бяляцкі атрымае Нобэля, даволі вялікія. Мы збіралі подпісы ў Польшчы, маем некалькі соцень подпісаў польскіх парламентароў, дэпутатаў і сенатараў. Ёсць афіцыйны дакумент Рады Еўропы”, – гаворыць кіраўнік фонду “Свабода і дэмакратыя” (Польшча) Томаш Пісуля.

Ён нагадаў, што такія ж акцыі былі зарганізаваныя ў Чэхіі, Славаччыне, Вугоршчыне, Нарвегіі ды іншых краінах Еўропы. “Таму, думаю, гэтым разам шанцы вельмі вялікія. Тым больш сам Алесь Бяляцкі – годная асоба для такой узнагароды. Ён яе заслужыў – як і ўся грамадзянская супольнасць Беларусі”, – запэўніў Томаш Пісуля.

27 студзеня а 16-й гадзіне дакументы на намінацыю Алеся Бяляцкага з Варшавы трапілі ў Нобелеўскі камітэт у Осла. Туды ж цягам наступных месяцаў маюць накіроўвацца лісты падтрымання з іншых еўрапейскіх краінаў – з надзеяй, што выбітны беларускі праваабаронца атрымае ўзнагароду – але ўжо на свабодзе.

Хоць апошнія падзеі ў Беларусі аптымізму не дадаюць. Днямі суд адмовіўся задаволіць касацыйную скаргу, нягледзячы на кампенсацыю шкоды, якую нібыта праз нявыплату падаткаў нанёс дзяржаве Бяляцкі. Калегі Алеся рыхтуюцца да канфіскацыі кватэры, дзе больш за дзесяцігоддзе месціўся праваабарончы цэнтр “Вясна”. Блізкія вязня – да доўгага расстання.

Віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага 24 лістапада прысудзілі да чатырох з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго прызналі вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Падставаю для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб яго замежных банкаўскіх рахунках, перададзеная ў Менск чыноўнікамі Літвы ды Польшчы ў межах двухбаковых пагадненняў аб прававой дапамозе.

belsat.eu

Стужка навінаў