Балонікі над Паўночнаю Карэяй: краіну закідваюць шкарпэткамі


Пасылкі прывязваюць да балонікаў і запускаюць з тэрыторыі Паўднёвай Карэі.

Акцыю ў суботу, 28 студзеня, зарганізавалі змагары за правы чалавека з больш як дзесяці краінаў. Яны сабраліся на ўскраіне гораду Пхаджу (Paju), за 3 км ад мяжы.

“Кошт адной пары шкарпэтак роўны месячнай норме кукурузы, якую атрымліваюць паўночныя карэйцы, – патлумачыў 40-гадовы Марк Ўіці (Mark Whitty) з Канады. – А зімою на гэтым прадмеце гардэробу эканоміць не варта, – дадаў ён. – Аднак жыхары КНДР вымушаныя гэтак рабіць, бо ім не стае грошай на ежу”.

Усяго праз мяжу “паляцела” каля тысячы параў шкарпэтак, да кожнай з якіх актывісты прымацавалі цыдулку: “Свет ведае ваш боль. Калі ласка, датрывайце да дня аб’яднання”.

Заклікі паўночнакарэйскага рэжыму, які давёў жыхароў да жабрацтва, дапамагчы краіне прадуктамі харчавання міжнародная супольнасць успрыняла скептычна. Лі Чу Сонґ (Lee Ju-seong), прэс-сакратар Міжнароднай арганізацыі міру на Карэйскім паўвостраве (Korean Peninsula International Peace Organization), уцёк з радзімы некалькі гадоў таму. Ён спадзяецца, што ў Паўднёвую Карэю прыедзе больш актывістаў, каб дапамагчы перасылаць шкарпэткі.

Гэта не першая “паветраная” акцыя, зарганізаваная ў Паўднёвай Карэі. Некалькі дзён таму змагары за правы чалавека запусцілі праз мяжу 20 паветраных шароў з цукеркамі. На пачатку мінулага года такім жа спосабам на тэрыторыю Паўночнай Карэі трапілі ўлёткі і дыскі DVD з інфармацыяй пра антыўрадавыя дэманстрацыі ў Егіпце і заклікам змагацца супраць рэжыму Кім Чэн Іра. У адказ на гэта КНДР прыгразіла абстраляць паўднёвакарэйскіх актывістаў.

belsat.eu

Стужка навінаў