Раман Якаўлеўскі ў «Гарачым каментары»


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка не раз публічна агучваў умовы вызвалення палітычных вязняў. У дачыненні Алеся Бяляцкага прагучала, што ён мусіць аплаціць страты, нібыта нанесеныя дзяржаве. Ад зняволеных за Плошчу патрабавалася напісаць прашэнне аб памілаванні. Экс-кандыдат на прэзідэнта Андрэй Саннікаў падпісаў такі дакумент. Але нягледзячы на выканне ўмоваў, вызваліць яго не спяшаюцца.

Як Еўразвяз, так і ЗША падкрэсліваюць, што дыялог з Беларуссю магчымы толькі пры паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Прычым гучаць гэтыя заявы на тле ўзмацнення эканамічнага ціску з боку Крамля.

“Уся палітыка вакол Беларусі ды палітыка з Захадам і Усходам – гэта ўсё палітычны гандаль”, – кажа аглядальнік Раман Якаўлеўскі. Эксперт упэўнены, што ўлады Беларусі вялі ды вядуць гандаль палітзняволенымі.

Гэтак, нядаўна Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не выключае магчымых палітычных рэформаў. Ці гэта знак Захаду?

“Ніхто ў Еўропе сур’ёзна да гэтых словаў не ставіцца. Тым не менш, вельмі дзіўна прагучалі сёння словы еўракамісара Фюле пра тое, што ў Беларусі ёсць нейкія надзеі на парламенцкія выбары. Агульнавядома, што самае галоўнае, пасля чаго могуць ісці нейкія размовы, – гэта безумоўнае вызваленне ўсіх палітвязняў. Мы сёння назіраем нешта іншае, і калі спадар Фюле зноў выказвае нейкія надзеі на выбары ў Беларусі, я нагадаю, што ён ужо памарыў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў”, – зазначае палітолаг.

Тады спадар Якаўлеўскі пацікавіўся ў еўракамісара: што новага ён пачуў у рыторыцы Лукашэнкі, чаму мае спадзяванні на сумленныя прэзідэнцкія выбары? Той адмовіўся адказваць на пытанне.

Палітолаг падкрэслівае, што адзіным спадзевам на хутчэйшае вызваленне палітзняволеных ёсць рэальныя эканамічныя санкцыі, бо адказам на візавыя абмежаванні стала толькі пагаршэнне сітуацыі з Саннікавым і адмова задаволіць касацыйную скаргу Алеся Бяляцкага.

belsat.eu

Стужка навінаў