У Беларусі складуць карту небяспечных геалагічных працэсаў


Яе распрацоўвае навукова-вытворчае прадпрыемства “Космааэрагеалогія”. Мапу плануецца стварыць да канца гэтага года.

Тэрыторыя Беларусі не адносіцца да зонаў сейсмічнай актыўнасці, але тут адбываецца рух блокаў зямной кары, які можа замінаць будаўніцтву дарогаў, каналаў, нафта-, і газаправодаў. Прадпрыемствы, якія здабываюць карысныя выкапні, займаюцца нафтаперапрацоўкаю, хімічнай прамысловасцю, мусяць улічваць гэты працэс. Рух зямных блокаў з цягам часу можа парушыць іх структурную цэльнасць. Размяшчэнне небяспечных з гледзішча геалогіі зонаў вызначаецца з дапамогаю комплекснага аналізу аэра- і касмічных здымак.

Інфармацыя пра небяспечныя зоны можа спатрэбіцца “Беларуськалію”. Летась, напрыклад, адно з радовішчаў пацярпела ад прарыву вады. “Мы мяркуем, што вада магла трапіць праз адну з расколінаў зямной кары, – адзначыў загадчык сектару вывучэння і картавання геадынамічных працэсаў “Космааэрагеалогія” Аляксандр Святагораў. – Нашыя даследаванні змогуць папярэдзіць такія з’явы”.

Адным са спажыўцоў такой інфармацыі можа быць “Белтрансгаз”. У той жа Расеі большасць аварыяў на газатранспартных шляхах адбываецца ў зонах міжблокавых расколінаў.

“Зямля, як жывы арганізм, увесь час рухаецца, – адзначыў кандыдат геалагічна-мінералагічных навук Міхаіл Камароўскі. – Часам сейсмічныя працэсы могуць актывізавацца, асабліва ў зонах прамысловай здобычы такіх карысных выкапняў, як калійныя солі ды нафта. Заўважныя землятрусы на 3–4 балы на тэрыторыі Беларусі могуць адбывацца адзін-два разы на сто гадоў, але меншыя зрухі зямной кары прылады фіксуюць рэгулярна”.

Імавернасць, што нафта- і газапуцеправоды сапсуюцца праз гэтыя зрухі, сапраўды ёсць – хоць і невялікая.

Інфармацыя пра небяспечныя геалагічныя працэсы шырока выкарыстоўваецца ў шматлікіх краінах – гэтак, у Расеі падобная служба створаная яшчэ ў 2001 г.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары