Іван Данчанка: Не лезьце на беларускую соль


https://youtu.be/aII4f57FMVY
Гэтак старшыня канцэрну “Белдзяржхарчпрам” паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску пра тое, што ААТ “Мазырсоль” не прадаецца.

Паводле яго, прадпрыемства будзе развівацца і мадэрнізавацца толькі коштам сродкаў Беларусі, уласных сродкаў, фонду інавацыйнага развіцця “Белдзяржхарчпраму” і крэдытных лініяў. Плануецца, што да 2014–2015 гг. магутнасці мазырскага ААТ вырастуць на 120 000 тонаў здабычы солі на год. Сёння яны складаюць 360 000–380 000 тонаў. 85 % прадукцыі ідзе на экспарт, асноўны рынак збыту – Расейская Федэрацыя, паведаміў Іван Данчанка.

Ён адзначыў, што менавіта расейскія кампаніі выяўляюць інтарэс да набыцця “Мазырсолі”. І менавіта “з такім нездаровым інтарэсам” Данчанка звязвае нядаўні арышт генеральнага дырэктара гэтага прадпрыемства. “Магчыма, віна дырэктара была ў тым, – заўважыў Данчанка, – што ён няправільна выбраў камерцыйную палітыку працы на рынку. <…> Так што хачу сказаць: не лезьце на беларускую соль. Хто сюды лезе – не стану называць, але дзеюць паскуднымі спосабамі”.

54-гадовы генеральны дырэктар ААТ “Мазырсоль” Міхаіл Літвін быў затрыманы сёлета 4 студзеня працаўнікамі ўпраўлення КДБ Гомельскай вобласці. Паводле звестак прэс-групы УКДБ, затрыманне адбылося ў працоўным кабінеце дырэктара ў момант атрымання ім незаконнага грашовага ўзнагароджання. Кіраўніку прадпрыемства выставілі абвінавачанне ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры за спрыяльнае развязанне пытанняў, якія ўваходзяць у ягоную кампетэнцыю. На затрыманага завялі справу на падставе ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманне хабару), яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Гендырэктар застаецца ў следчым ізалятары КДБ.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары