Апытанне: ці мусіць Лукашэнка выпусціць Саннікава і Статкевіча?


Адною з галоўных навінаў тыдня стала інфармацыя пра тое, што экс-кандыдат на прэзідэнта Андрэй Саннікаў напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. У сувязі з гэтым карэспандэнт БелаПАН пацікавіўся ў менчукоў: ці мусіць кіраўнік дзяржавы вызваліць з турмы Саннікава і яшчэ аднаго кандыдата на прэзідэнта на выбарах 2010 г. – Міколу Статкевіча?

Так.

Абсалютная большасць апытаных мяркуюць, што экс-кандыдаты маюць выйсці на свабоду. “Думаю, што трэба, бо такіх людзей трымаць у турме не варта. Дэмакратыя мусіць быць у дзяржаве. Гэта пакажа дэмакратыю”, – мяркуе маладая дзяўчына.

Падобнага гледзішча прытрымліваецца і старэйшая спадарыня: “Калі мы лічым сябе дэмакратычнаю краінаю, то ў нас кожны мае права ўдзельнічаць у выбарах. Я не бачу тут ніякага злачынства – у тым, што яны вылучылі свае кандыдатуры”.

Наступны апытаны лічыць: калі ўлады незаконна ўтрымліваюць грамадзянаў, гэта сведчыць, што мы яшчэ “не дайшлі да канстытуцыйнай дзяржавы”. Пра дэмакратыю згадаў яшчэ адзін спадар: “Я лічу, што так. Бо неабходна наладжваць кантакты з Еўразвязам, нашая краіна мае быць дэмакратычная”.

“Гэта палітычныя фігуры, якіх садзіць наагул нельга было, – перакананы наступны суразмоўца. – Бо на тое і даецца шанец. Калі так будуць праводзіцца наступныя выбары, страшна ісці на іх”.

Прыгадалі і абяцанне Аляксандра Лукашэнкі: “Вядома, трэба. Яны ж папрасілі пра гэта – няхай выходзяць. Ён жа сказаў, што калі яны папросяць, я іх выпушчу. Так што хай выходзяць”.

“Любога чалавека трэба выпускаць. Я не маю на ўвазе забойцу, гвалтаўніка, а нармальнага чалавека, які за свае перакананні, за іншыя погляды на свет сядзіць, – ён ні ў чым не вінаваты. Гэтак жа можна пасадзіць мяне, бо я не люблю, скажам, чырвонага колеру, а хтосьці любіць”, – разважае наступная суразмоўніца.

“У палітыцы я не моцны, – прызнаўся спадар. – Але калі чалавек добры, трэба выпусціць”.

“Вядома, трэба выпусціць. Па-мойму, яны ўжо не выправяцца да магілы – хай на свабодзе будуць”, – зрабіў выснову наступны апытаны. Больш лаяльна настроеная спадарыня: “Калі яны не вінаватыя ні ў чым, то чаго іх трымаць у турме? Хай ідуць на волю. Можа, ад іх больш карысці будзе на свабодзе, чым там”.

“Трэба, а навошта іх трымаць? Яны не зрабілі нічога такога сур’ёзнага, каб іх настолькі доўга замкнуць. Непажаданых туды адпраўляюць”, – выказаўся спадар. “Напэўна, памілаваць”, – сказала дзяўчына.

Не.

“Калі яны заслугоўваюць пакарання, то не дарма цяпер у турме, таму ўсё мае заставацца на сваіх месцах”, – лічыць спадар. “Не варта. Калі чалавек вінаваты, ён мусіць быць пакараны за гэта”, – заявіла спадарыня. “Не, не трэба. Яны асуджаныя паводле закону. Самазванцы мусяць сядзець у турме”, – адрэзаў наступны апытаны.

Не ведаю.

Трое апытаных заявілі, што яны не кампетэнтныя ў гэтым пытанні.

“Я не ведаю, хто гэта такія. Я грамадзянін іншай краіны, прабачце. Думаю, моладзь вырашыць усё правільна”, – таямніча заўважыў спадар. Наступны суразмоўца мяркуе, што перш як адказваць, трэба пракансультавацца з судом. “Тым больш – гэта кампетэнцыя прэзідэнта. Раіць цяжка”, – дадаў ён.

Яшчэ адзін апытаны распачаў філасофскія разважанні: “Не ведаю. Калі задумацца – мы заслугоўваем тых уладаў, якія маем. Пакуль народ сам не вырашыць, Лукашэнка не вырашае тут нічога, мае вырашаць народ. Няправільна ставіце пытанне”.

Няма адказу.

Два чалавекі пакінулі карэспандэнтаў без адказу. Адзін не пажадаў закранаць палітыкі. Другі сказаў, што не ведае, хто такі Саннікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў