Бутэлькі замест… цэглы: як эканомяць на будаўніцтве


Арыгінальным спосабам праблему перапоўненых школаў развязалі на Філіпінах. Сцены класаў будуюць з выкарыстаных шкляных і пластыкавых бутэлек.

У школе раёну Паятас у філіпінскай правінцыі Лягуна ў адным класе займаюцца па 70 вучняў. Іншыя вымушаны грызці граніт навукі ў часовых памяшканнях. Гэта, у сваю чаргу, адбіваецца на якасці адукацыі: дзеці няўважліва слухаюць настаўнікаў. Паводле намесніка дырэктара школы Рамэа Татада, сапсавалася і дысцыпліна.

З такімі праблемамі на Філіпінах сутыкаюцца сотні дзяржаўных школаў. Паводле Дэпартаменту адукацыі, трэба пабудаваць 68 тыс. класных пакояў. Дзяржава не ў стане прафінансаваць будаўніцтва, таму прыватны сектар выступіў з ініцыятывай дапамагчы, выкарыстоўваючы ў якасці матэрыялу бутэлькі.

Пасля рэканструкцыі ў школе Паятасу паўстане восем класаў. Яны ўдвая большыя за тыя, што існуюць, і на 70 % таннейшыя.

Пластыкавыя бутэлькі напаўняюць сумессю глебы, вады і цэменту, затым складаюць разам, каб сфармаваць сцены і падмурак будынку. «Вы кажаце пра спусташэнне зямлі і будаўніцтва з цэменту, сталі і шкла. Але, можа быць, мы занадта бедныя, каб карыстацца адным спосабам. Калі адукацыя для нас важная, то мы мусім разглядаць усе даступныя варыянты. Вось чаму пластыкавыя бутэлькі – гэта добры пачатак. Гэта наватарскі спосаб, дзякуючы якому простая пластыкавая бутэлька ператвараецца ў цэглу», – заявіў Ілляк Дыяс, кіраўнік фонду «Мой прытулак» («My Shelter Foundation»).

Да таго ж, школы з бутэлек дапамагаюць развязаць праблему смецця. Будаўнікі разлічваюць на тое, што сцены вытрымаюць напор тайфунаў, якія ў выніку зменаў клімату робяцца ўсё больш разбуральнымі.

belsat.eu
https://youtu.be/PFOF9fc_-sk

Глядзі таксама
Каментары