Беларусь – 6-я сярод краінаў з самаю моцнаю залежнасцю ад тытуню


Прычым доля курцоў-мужчынаў у нашай краіне паступова зніжаецца, а вось колькасць жанчын – аматарак тытуніць расце. Такія высновы робіць Сусветная арганізацыя здароўя.
Паводле звестак сацыялагічных апытанняў, у нашай краіне паліць больш за 40% жыхароў. Прычым традыцыйна горш з залежнасцю у мужчынаў – палюбляюць цыгарэты каля 60%. Паляць і больш за 20% жанчын. Але тэндэнцыя паказвае на тое, што залежнасць сярод жанчын пашыраецца з кожным годам.

Якія захады робіць Міністэрства аховы здароўя? “Мы былі ініцыятарамі забароны паліць ва ўсіх установах адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту. Дзякуючы нашай ініцыятыве, зараз нельга паліць на лесвічных пляцоўках і на прыпынках грамадскага транспарту. На цыгарэтных пачках ёсць папярэджанне ад Міністэрства аховы здароўя: курэнне шкодзіць і спрыяе раку, імпатэнцыі, бясплоддзю. Мы папярэджваем людзей, але калі яны, нягледзячы на гэта, працягваюць свае шкодныя звычкі, вінаватыя толькі яны самыя”, – адзначыў галоўны доктар Рэспубліканскага цэнтру здароўя Андрэй Сякач.

Парадаксальна, але ў той час як чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя ініцыююць забарону тытуніць, Савет Міністраў нарошчвае выраб цыгарэтаў у краіне. Сёлета на паўмільярда штук павялічыліся квоты выпуску цыгарэтаў на тытунёвых прадпрыемствах Беларусі.

“Вынікі намаганняў чыноўнікаў з Міністэрства аховы здароўя, на жаль, невялікія. Сёння праваахоўныя органы фактычна закрываюць вочы на паленне ў грамадскіх месцах, не штрафуюць парушальнікаў. Дый кошты на цыгарэты ў Беларусі невялікія, вось таму такая папулярная гэтая дрэнная звычка”, – лічыць доктар-валеолаг Яніна Сушэўская.

Кошт на цыгарэты ў Беларусі сапраўды ніжэйшы, як у суседніх краінах з Еўразвязу. Пачак цыгарэтаў у Літве, Латвіі ды Польшчы каштуе ў 2–2,5 разу даражэй. Разам з тым тытунёвыя вырабы ва Украіне і Расеі, наадварот, таннейшыя за беларускія прыкладна на 20–30%.

belsat.eu

Стужка навінаў