Не адкрывай фортку, спраўдзі інтэрнэт


Выкіды ў паветра можна будзе адсочваць он-лайн.

Аўтаматычныя станцыі маніторынгу ўсталявалі ў 18 прамысловых гарадах краіны: у абласных цэнтрах, а таксама Бабруйску, Жлобіне, Лідзе, Мазыры, Наваградку, Наваполацку, Воршы, Полацку, Рэчыцы, Салігорску і Светлагорску. Рэгулярныя назіранні праводзяцца на тэрыторыі, дзе жыве 81 % насельніцтва буйных і сярэдніх гарадоў Беларусі.

Інфармацыя пра забруджванне ў рэжыме рэальнага часу з’яўляецца на сайце Міністэрства прыроды і на сайце Рэспубліканскага цэнтру радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя.

На сайце Міністэрства прыроды змяшчаюць аналіз звестак пра ўтрыманне ў паветры прыземнага азону, дыяксіду серы, аксіду вугляроду, азоту і лятучых арганічных спалучэнняў, а таксама цвёрдых часціцаў дыяметрам ад 2,5 да 10 мікронаў, якія лічацца найбольш небяспечнымі для здароўя.

Паводле намесніка дырэктара Цэнтру экалагічных рашэнняў Яўгена Лобанава, сярэдні паказнік па горадзе не дае дастатковай інфармацыі пра чысціню паветра ў канкрэтным раёне, бо вялікі ўплыў аказваюць блізасць да прадпрыемства, асаблівасці архітэктуры і ландшафт.

Эксперт раіць пацікавіцца інфармацыяй пра выкіды канкрэтных прадпрыемстваў: «Яна змяшчаецца ў рэгістры выкідаў і пераносу забруджвальных рэчываў, з якім таксама можна азнаёміцца на сайце Мінпрыроды». Калі праз блізкае размяшчэнне да вытворчых аб’ектаў пагоршыўся стан здароўя, можна звярнуцца ў мясцовую інспекцыю прыродных рэсурсаў або цэнтр гігіены. «Магчыма, прадпрыемству вынесуць штраф, але іх памеры слаба стымулююць кіраўнікоў прыводзіць вытворчасць у адпаведнасць з экалагічнымі нормамі», – патлумачыў Яўген Лобанаў.

Па словах жа кіраўніцы аддзела Рэспубліканскага цэнтра радыяцыйнага кантроля і маніторынга навакольнага асяроддзя Багданы Казярук, на тэрыторыі Беларусі не існуе брудных гарадоў. Наадварот, у мінулым годзе палепшылася сітуацыя ў Віцебску, Гомелі, гарадоў Брэсцкай вобласці і раёнах Мінска, знізіўся ўзровень запыленасці паветра ў Жлобіне.

Шточацвер на сайце Міністэрства прыроды таксама абнаўляецца інфармацыя пра радыяцыйна-экалагічны стан Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў