Канавалаў двойчы адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні


25-гадовы Дзмітрый Канавалаў, прысуджаны да вышэйшай меры пакарання за арганізацыю выбуху ў менскім метро 11 красавіка 2011 г., прызнаў прысуд у адносінах да сябе законным і адмовіўся падаваць прашэнне аб памілаванні.

Як паведаміў 27 студзеня журналістам генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк, пра гэта Канавалаў заявіў яшчэ 19 снежня членам адмыслова створанай камісіі. Як сцвярджае генпракурор, пра тое, што існуе магчымасць напісання просьбы аб памілаванні на імя прэзідэнта, Канавалаву нагадвалі двойчы, і двойчы ён адмовіўся скарыстацца гэтым правам.

Канюк нагадаў, што другі асуджаны па гэтай справе за саўдзел у тэрарызме Уладзіслаў Кавалёў, таксама прысуджаны да смяротнага пакарання, прашэнне аб памілаванні падаў (7 снежня). Заключэнне Генпракуратуры па яго заяве падрыхтавана, у бліжэйшы час дакументы будуць перададзеныя ў камісію па памілаванні пры прэзідэнце.

Дата пасяджэння камісіі па справе Канавалава і Кавалёва пакуль невядомая, сказаў Канюк, які ўваходзіць у склад гэтай камісіі.

У выніку выбуху на станцыі метро “Кастрычніцкая”, загінулі 15 чалавек, больш за 160 атрымалі траўмы, у тым ліку цяжкія.

Прысуд, вынесены Канавалаву і Кавалёву Вярхоўны судом Беларусі 30 лістапада, выклікаў неадназначную рэакцыю ў грамадстве і ў чарговы раз прыцягнуў увагу да праблемы смяротнага пакарання. Беларусь – адзіная ў Еўропе краіна, дзе да гэтага часу ўжываецца такая мера пакарання.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары