Кандыдатуру Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію мае падтрымаць Валэнса


Прэзентацыя афіцыйнай заявы дэпутатаў польскага Сейму ў справе вылучэння на Нобелеўскую прэмію міру беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага плануецца на сёння, 27 студзеня.

Подпісы пад заяваю ад польскіх парламентарыяў і прадстаўнікоў яшчэ 27 еўрапейскіх краінаў на апошняй сесіі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) у Страсбуры сабраў дэпутат Анджэй Галіцкі, кіраўнік польскай дэлегацыі ў ПАРЕ.

Дэпутат гаворыць, што Польшча абавязаная падтрымаць Бяляцкага, бо Генеральная пракуратура гэтай краіны перадала афіцыйнаму Менску звесткі пра банкаўскія рахункі праваабаронцы, на падставе якіх яго асудзілі на 4,5 гады зняволення нібыта за нявыплату падаткаў.

Галіцкі таксама паведаміў, што размаўляў пра вылучэнне Бяляцкага з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, былым прэзідэнтам Польшчы Лехам Валэнсам. Парламентарый мяркуе, што ў гэтай справе можна разлічваць на ягонае падтрыманне. Анджэй Галіцкі нагадаў, што тады ўзнагароду ўручылі жонцы Леха Валэнсы Дануце: «Гэта было прыгожа і сімвалічна, і гэта мабілізавала нас у 1980-я».

Міжнародны камітэт у справе вылучэння Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру паўстаў летась у кастрычніку. Апошні тэрмін рэгістрацыі заявак – 31 студзеня.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары