Кінатэатр як сродак на дэпрэсію


Нягледзячы на імклівую інфляцыю і рост цэнаў, гледачоў у беларускіх кінатэатрах не паменела.

Нават наадварот – пракатчыкі без вялікіх праблемаў здолелі ўтрымацца ў 2011 г.

«Ажыятажны попыт быў і на іншыя тавары, больш жыццёва неабходныя. Тым не менш, глядач яшчэ актыўней пайшоў у кіно. Мы летась абслужылі на 592 тысячы гледачоў больш, чымся ў 2010 годзе», – кажа Васіль Коктыш, генеральны дырэктар УП «Кінавідэапракат».

Аднак гэта не значыць, што кінатэатры значна зарабілі на гледачах. Нізкія кошты на квіткі (18 тыс. руб. на прэм’еру) утрымліваліся, нягледзячы на крызіс. У параўнанні з суседнімі краінамі ў Беларусі – самыя танныя квіткі ў кіно. За мінулы год, пакуль рубель абвальваўся, кошт прагляду вырас усяго на пару тысячаў. Пракатчыкі прызнаюцца: кошты яны стрымліваюць штучна, нават насуперак пажаданням уладальнікаў правоў на фільмы. У нашых суседзяў кошты пачынаюцца ад 6 долараў і гэта не мяжа – у заходніх краінах кошты квіткоў на прэм’ерныя паказы сягаюць 10–14 долараў.

На жаль, доўга гэта працягвацца не можа. У бліжэйшыя гады беларускія кінатэатры пяройдуць на лічбавыя тэхналогіі паказу. Рэформа патрабуе ўкладанняў, таму кошты вырастуць. Але гэта не значыць, што паменшыцца аўдыторыі кінатэатраў.

«У крызісныя часы людзі або выходзяць на вуліцы, або ідуць у кінатэатры. Гэта рэакцыя на дэпрэсію ў значнай ступені, як гэта было ў часы Вялікай дэпрэсіі (росквіт Галівуду), у часы Першай сусветнай у Нямеччыне», – кажа кінакрытык Андрэй Расінскі.

belsat.eu

Стужка навінаў