Азаранка і Шарапава: беларускі ў фінале «Вялікага шлему»


Сёння ўранку Вікторыя Азаранка выйграла ў бельгійкі Кім Клейстэрс (11-я ракетка свету) – 6:4, 1:6, 6:3 і ўпершыню ў сваёй кар’еры выйшла ў фінал самага прэстыжнага тэніснага спаборніцтва.

Яна сустрэнецца ў фінале “Australian Open” з іншаю беларускаю – Марыяй Шарапавай. Ейная сям’я выехала з Гомельшчыны ў Расею, ратуючыся ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

У выпадку перамогі Вікторыя стане першаю ракеткаю свету, калі ж пераможа Шарапава, то Азаранка апынецца на другім месцы ў рэйтынгу тэнісістак.

Турніры “Вялікага шлему” складаюцца з чатырох штогадовых спаборніцтваў: “Australian Open”, “Roland Garros”, “Ўімблданскі турнір” і “US Open”. Спартовец, што пераможа на ўсіх гэтых турнірах цягам аднаго сезону, выйграе “Вялікі шлем”.

“Белсат” запытаўся ў гамельчукоў, ці памятаюць яны сваю зямлячку Марыю Шарапаву, і як можа паўплываць перамога беларускі на імідж краіны.

“Канечне, ведаю, што яны беларускі. Для краіны – не ведаю, вось для іх асабіста – гэта важна. Ну, можа хоць будуць ведаць, што ёсць такая краіна”, – кажа чалавек сталага веку.

“На жаль, не ведаю. Вось, праўда, пра Марыю штосьці чуў, што яна з Гомелю. Але тэніс – па-за сферамі маіх інтарэсаў. Аднак значэнне для краіны будзе мець – бясспрэчна. Вось уяўляеце: падымаецца сцяг Рэспублікі Беларусь, гучыць гімн. Што цяпер кажуць пра Беларусь? На жаль, толькі адмоўнае. А тут спартовец перамагае – гэта такая рэклама, якой больш нідзе не зробіш”, – адказвае мужчына.

“Вядома, любое дасягненне нашых суайчыннікаў мае вялізарнае значэнне для краіны. Не важна ў чым – спорце, навуцы ці культуры”, – мяркуе пажылы чалавек.

“Калі яны не будуць забывацца на тое, што яны беларускі, на той жа Гомель, то тады так – будзе мець значэнне. Калі з’явіцца магчымасць – будзем глядзець. На жаль, у інтэрнаце няма тэлебачання – але, можа, дзе і знойдзем”, – кажа студэнт.

belsat.eu

Стужка навінаў