Заморскую рыбу заменяць на айчынную


Урад Беларусі патрабуе зменшыць імпарт і павялічыць вытворчасць рыбных прадуктаў у краіне.

Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч даручыў зацікаўленым міністэрствам і ведамствам цягам тыдня падрыхтаваць прапановы дзеля рэфармавання рыбнай галіны.

“На нарадзе ў Савеце Міністраў мы разважалі, якім чынам кіраваць рыбнаю галіною, як удасканаліць асноўныя кірункі яе развіцця, механізмы фінансавання, навуковага забеспячэння, а самае галоўнае – як максімальна забяспечыць унутраны рынак уласнаю рыбаю”, – распавёў дырэктар Дэпартаменту меліярацыі ды воднай гаспадаркі Міністэрства сельскай гаспадаркі ды харчавання Анатоль Булыня. Менавіта гэтая ўстанова каардынуе рыбаводства, а імпарт рэгулюе адмысловая камісія.

Доля беларускай рыбы на рынку ацэньваецца прыкладна на 10 %. У краіне вырабляецца прыкладна 16 000 тонаў рыбы, у той час як завозіцца каля 160 000 тонаў.

“Каб забяспечыць унутраны рынак рыбнаю прадукцыяй уласнай вытворчасці, трэба найперш вырашыць праблемы з перапрацаваннем рыбы. Год таму рыбаперапрацоўныя прадпрыемствы былі перададзеныя ў камунальную ўласнасць. Аднак за гэты час яны не палепшылі сваёй працы і застаюцца ў цяжкім стане”, – адзначыў Анатоль Булыня.

Тым часам незалежныя эксперты насцярожана ставяцца да захадаў чыноўнікаў. “У Беларусі з аб’ектыўных прычынаў не можа быць марской рыбы. Як паказаў час, імпартазамяшчэнне ў нашай краіне найчасцей рэалізоўваецца коштам выцяснення моцных кампаніяў і штучнага прасоўвання няякаснай айчыннай прадукцыі. Такім чынам прыціскаецца свабодная канкурэнцыя. Спажыўцы ад гэтага не выйграюць таксама”, – лічыць эканаміст Ірына Урбан.

belsat.eu

Стужка навінаў