Гомельская газета для пенсіянераў зробіцца міжнароднаю


Папулярная ў Гомлі газета для людзей сталага веку «Гомельскі пенсіянер» з ліпеня пачне выходзіць на тэрыторыі чатырох краінаў: Беларусі, Украіны, Казахстану і Расеі. З пашырэннем межаў распаўсюду газета таксама зменіць фармат і назву – «Пенсія Плюс».

Паводле галоўнай рэдактаркі Аляўціны Галкоўскай, газета атрымлівае шмат зваротаў ад чытачоў з краінаў постсавецкай прасторы, якія выказваюць жаданне падпісацца на выданне. Газета для пажылых людзей галоўным чынам складаецца з чытацкіх лістоў. Пенсіянеры прысылаюць вершы, расказы, нататкі, рэцэпты страваў і парады народнай медыцыны. Шмат увагі «Гомельскі пенсіянер» надае навінам з прадпрыемстваў, дзе раней працавалі пенсіянеры.

«Пажылыя людзі маюць шэраг спецыфічных праблемаў, у іх абвостраная патрэба ў камунікацыі, яны часта адчуваюць адзіноту. Для такой чытацкай аўдыторыі газета выконвае ролю сябра-дарадчыка. Да таго ж, густы людзей сталага веку фармаваліся ў той час, калі газета была асноўнаю крыніцай інфармацыі, таму не дзіўна, што спецыялізаванае выданне пашырае кола чытачоў. Ці здолее газета заняць нішу на міжнародным узроўні, яшчэ складана сказаць, такія высновы можна будзе зрабіць толькі на аснове маркетынгавых даследаванняў», – пракаментаваў эксперт Алесь Анціпенка.

«Гомельскі пенсіянер» – адзіная абласная газета для людзей сталага веку – існуе ўжо тры гады, за гэты тэрмін яе падпісчыкамі зрабіліся 4 тыс. чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў