Андрэй Савіных пра рэзалюцыю ПАРЕ: Вінаваты інтэрнэт


Прынятая ў Страсбуры рэзалюцыя Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы – «пасрэдны, шаблонны дакумент, напісаны на аснове сумнеўных матэрыялаў і фальшывых абвінавачванняў з сеткі Інтэрнэт», заявіў прэс-сакратар беларускага Міністэрства замежных справаў Андрэй Савіных 26 студзеня на брыфінгу ў Менску.

Паводле яго, аўтар дакументу – спавяшчальнік ПАРЕ пра Беларусь Андрэс ХЭркель – нашай краіны не наведваў і не звяртаўся па ўязную візу. Савіных падкрэсліў, што Хэркеля не было сярод удзельнікаў парламенцкай дэлегацыі з Эстоніі, якая наведала Беларусь восенню 2011 г. «Гэта шмат пра што сведчыць, – упэўнены прэс-сакратар МЗС, – ПАРЕ нават не запрасіла беларускіх парламентарыяў на разгляд гэтага, з дазволу сказаць, опусу, што ёсць відавочным доказам небесстароннасці і ангажаванасці іхнага падыходу».

«Ува ўсіх дзеяннях такога кшталту апошнім часам мы бачым вельмі мала здаровага сэнсу і адсутнасць логікі. Яны хутчэй накіраваныя на абслугоўванне кар’ерных, рэпутацыйных або палітычных патрэбаў саміх ініцыятараў», – заявіў прадстаўнік беларускага вонкавапалітычнага ведамства.

25 студзеня ПАРЕ заклікала ўлады Беларусі вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў у краіне, правесці дбайнае расследаванне ўсіх заяваў пра катаванні і жорсткае абыходжанне са зняволенымі, дазволіць адвакатам выконваць свае прафесійныя абавязкі «без страху помсты», адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да афіцыйнага Менску гарантаваць свабоду сходаў, спыніць прымяненне сілы для разгону акцыяў пратэсту і арышты дэманстрантаў, забяспечыць свабоду выказвання меркаванняў і спыніць ціск на незалежных журналістаў ды медыі.

ПАРЕ заклікала Беларусь дазволіць аднавіць у Менску працу офісу АБСЕ, а таксама ў поўным аб’ёме супрацоўнічаць з міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі і дазволіць наведаць краіну спавяшчальнікам ад ПАРЕ, органаў ААН і АБСЕ, якія накіроўвалі такія запыты.

belsat.eu
https://youtu.be/CtFiteCsMPo

Глядзі таксама
Каментары