Калгасам дазволілі займацца агратурызмам


Цяпер гэтыя паслугі змогуць ажыццяўляць не толькі фізічныя асобы, фермерскія гаспадаркі, але і сельскагаспадарчыя арганізацыі – калгасы, вытворчыя кааператывы. Галоўная ўмова – прыбытак ад рэалізаванай сельгаспрадукцыі мусіць складаць не менш за 50% агульнай выручкі гэтых арганізацыяў.

Гэта прадугледжвае Указ №614, што дапаўняе Указ №372 ад 2006 года “Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў РБ” і пашырыў спіс суб’ектаў, якія могуць прапаноўваць паслугі ў сферы аграэкатурызму.

На сёння ў Беларусі зарэгістравана 884 аграэкасядзібы. Калі казаць пра колькасць турыстаў, што карыстаюцца паслугамі ўладальнікаў аграсядзібаў, то летась гэта было 70 тысячаў чалавек. Для параўнання, у 1,8 разу больш, чым падчас папярэдняга года (2008).

І хоць новы указ пашырае паўнамоцтвы ўладальнікаў аграсядзібаў, застаюцца нявырашаныя пытанні. “Зарэгістраваць свой бізнес па-ранейшаму складана, трэба наняць цэлую каманду: бухгалтара, юрыста, каб яны маглі дапамагчы табе сабраць стос дакументаў і вытрымаць рэгістрацыйны працэс, – распавядае гаспадыня аграсядзібы “Каханая”, што ў Менскім раёне, Галіна Іванец. – З-за бюракратычнай валакіты шмат хто з сельскіх жыхароў і не бяруцца рабіць з свайго дому турыстычны аб’ект. Што да калгасаў, то яны з неахвотаю дапамагаюць існым аграсядзібам. Так што ў мяне выклікае вялікі сумнеў, што яны сёння самыя пачнуць аказваць турыстычныя паслугі. Каб займацца бізнесам, мусіць быць эканамічная зацікаўленасць, а нашыя калгасы сёння сядзяць на датацыях і не хочуць развівацца”, – адзначыла спадарыня Іванец.

Пазітыўныя змены ў заканадаўстве адчуюць усе ўладальнікі аграэкасядзібаў. У інтэрв’ю “Белсату” старшыня грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова адзначыла пазітыўныя моманты ўказу: “Прадугледжваецца павелічэнне аграсядзібаў з 5 да 10 пакояў. Я лічу, што гэта дазволіць прыцягнуць дадатковыя аграсядзібы, а таксама будзе стымуляваць ўжо існыя”.

Таксама павялічылася сума крэдытавання. Паводле старшыні праўлення карпаратыўнага бізнесу «Белаграпромбанку» Святланы Кончыц, цяпер прадугледжваецца крэдытаванне суб’ектаў аграэкатурызму для рэалізацыяў праектаў у 2010–2020 гг. памерам да 2000 базавых велічыняў на тэрмін да 5 гадоў.

belsat.eu

Стужка навінаў