Універсітэты – інструменты рэпрэсіяў. Таму і не ўзялі ў Балонскі працэс


Адсутнасць аўтаноміі ўніверсітэтаў – адна з галоўных прычынаў, чаму працоўная група Балонскага працэсу вынесла рашэнне, што Беларусь не гатовая далучыцца да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

Група, якую цяпер узначальваюць Данія і Азербайджан, парэкамендавала краінам – удзельніцам Балонскага пагаднення адмовіць Беларусі ў далучэнні да працэсу на паседжанні 26–27 красавіка ў Бухарэсце. Паводле ацэнкі экспертаў, Беларусь не выконвае прынцыпаў і каштоўнасцяў Балонскага працэсу, такіх як акадэмічная свабода, універсітэцкая аўтаномія і ўдзел студэнтаў у кіраванні вышэйшай адукацыяй.

«Ёсць іншыя шляхі дапамагчы беларускай грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці студэнтам і акадэмічнай супольнасці», – гаворыцца ў афіцыйнай заяве міністра навукі, інавацыяў і вышэйшай адукацыі Даніі Мортэна Эстэргорда. – Данія падтрымлівае і працягне падтрымліваць стыпендыяльную праграму «Адкрытая Еўропа», якая дазваляе маладым беларусам атрымаць доступ да вышэйшай адукацыі ў еўрапейскіх універсітэтах».

Міністэрства адукацыі Беларусі накіравала заяўку на далучэнне да Балонскага пагаднення 29 лістапада 2011 г. 9 снежня Балонскі сакратарыят атрымаў альтэрнатыўны даклад грамадскага Балонскага камітэту. У ім сцвярджаецца, што спачатку Беларусі трэба правесці рэформы ў сферы адукацыі.

«Паводле Кодэксу аб адукацыі, які ўступіў у сілу ў 2011 годзе, універсітэцкая супольнасць не мае ніякіх інструментаў для ўплыву на кіраванне ВНУ: рэктары не абіраюцца радамі ВНУ або апякунскімі радамі ды нават не даюць справаздачы акадэмічнай супольнасці. Фактычна, адсутнасць аўтаноміі ўніверсітэтаў азначае, што іх кіраўніцтва не можа абараняць інтарэсы студэнтаў і выкладчыкаў, а здольнае толькі выконваць даручэнні, накіраваныя зверху. Гэта вядзе нават да таго, што ВНУ ў Беларусі выкарыстоўваюцца як інструменты палітычных рэпрэсіяў», – адзначыў адзін з аўтараў альтэрнатыўнага дакладу пра стан беларускай вышэйшай адукацыі Уладзімір Дунаеў.

belsat.eu

Стужка навінаў