Аддзячылі: Міліцыянты скруцілі мужчыну, які прыбіраў снег


На аматарскіх здымках з Гомля відаць, як мужчыну, што прыбірае снег побач з домам, спачатку папрасілі не кідаць снег на праезджую частку, а потым жорстка затрымалі за непадпарадкаванне.

«Павыскоквала іх чалавек 8 ці 10. І яны ўсе наляцелі на гэтага сына, павалілі яго на зямлю, надзелі кайданкі ды пачалі біць нагамі», – распавядае Таццяна, сведка здарэння.

Вынік – тры пратаколы: за забруджванне праезджае часткі (штраф ад 2 да 5 баз. вел.); непадпарадкаванне міліцыі (ад 20 да 50 баз. вел. або адміністратыўны арышт); дробнае хуліганства, лаянка ў публічным месцы (ад 2 да 30 баз. вел. або адміністратыўны арышт).

Пасля таго як мужчыну павезлі ў РАУС, ягонай жонцы зрабілася кепска. Яе панеслі дамоў на руках.

Дарожныя службы рэспублікі працягваюць змаганне са снегам. На мінулым тыдні старшыня Менскага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька заявіў, што прыборка снегу – агульная справа. А таму кожны грамадзянін мусіць далучыцца да камунальнікаў і чысціць снег. Прынамсі, у сваім двары і вакол уласнага аўтамабіля. На дапамогу камунальнікам ідзе ДАІ. Інспектары просяць прыбраць машыны з праезджай часткі вуліцаў. У адваротным выпадку нават адганяюць аўты на штрафстаянкі.

Версія ДАІ

ДАІ Гомельскага аблвыканкаму выдала з нагоды здарэння адмысловы прэс-рэліз, паведамляе БелТА. У ім гаворыцца, што жыхар 1986 г. нараджэння выкідаў снег з ходніка на дарогу. Супрацоўнік ДАІ папярэдзіў яго праз гучнагаварыцель, што выкідаць снег на праезджую частку забараняецца і за гэта прадугледжваецца адміністратыўная адказнасць. Мужчына ў адказ адмахнуўся і нецэнзурна выказаўся на адрас міліцыянта. Пры гэтым грамадзяне працягвалі выкідаць снег на праезджую частку.

«Супрацоўнік ДАІ паўторна зрабіў заўвагу праз гучнагаварыцель у больш патрабавальнай форме, затым выйшаў з аўтамабіля, прадставіўся і пачаў размаўляць з грамадзянамі, тлумачачы, што ў мэтах бяспекі дарожнага руху снег трэба выкідаць не на праезджую частку, дзе рухаецца транспарт, а на прылатковую частку дарогі, дзе яго пасля прыбярэ снегаўборачная тэхніка», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Паводле ДАІ, мужчына «паводзіўся абуральна, размаўляў на падвышаных тонах, неаднаразова дэманстратыўна лаяўся нецэнзурнай лаянкай». Пасля супрацоўнік ДАІ, «патлумачыўшы грамадзяніну, што ягоныя дзеянні ёсць супрацьпраўнымі і кваліфікуюцца як дробнае хуліганства, запрасіў яго прайсці ў службовы аўтамабіль». Мужчына адмовіўся.

«Паводзіны названага грамадзяніна рабіліся непрадказальнымі, таму супрацоўнік ДАІ праз радыёстанцыю перадаў інфармацыю пра тое, што здарылася, і выклікаў дапамогу. На месца здарэння прыехаў старэйшы інспектар ДПС БДПС ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкаму. Ад паўторнай прапановы сесці ў службовы аўтамабіль грамадзянін катэгарычна адмовіўся і зрабіў спробу пакінуць месца здзяйснення адміністратыўнага правапарушэння. Пры гэтым мужчына пачаў адштурхоўваць супрацоўнікаў міліцыі, хапаючыся за іх форменнае абмундзіраванне. У выніку ў дачыненні гэтага грамадзяніна супрацоўнікі ДАІ (у тым ліку і тыя, што прыбылі пазней для аказання дапамогі) былі вымушаныя ўжыць фізічную сілу, а таксама спецыяльнае сродак – кайданкі».

belsat.eu

Стужка навінаў