Станіслаў Шушкевіч у “Гарачым каментары”


Сёння ПАРЕ разгледзела пытанне вакол Беларусі. Краінам Еўразвязу прапанавалі ўвесці ў тым ліку і адрасныя эканамічныя санкцыі да таго часу, пакуль палітвязні не будуць вызваленыя. Але сітуацыя ў краіне толькі пагаршаецца. Ціск на палітычна зняволеных усцяж узмацняецца.

Андрэй Саннікаў, экс-кандыдат на прэзідэнцтва, падпісаў прашэнне аб памілаванні на імя кіраўніка Беларусі. Лукашэнка не раз казаў, што менавіта гэта ёсць умоваю вызвалення для асуджаных за Плошчу-2010.

Чаму ж прашэнне ад Андрэя Саннікава засталося без увагі? Тым больш што зварот падпісаны яшчэ 20 лістапада. Жонка палітыка Ірына Халіп мяркуе, што або кіраўнік Беларусі не ведае пра прашэнне і рэальна не кантралюе сітуацыі, або яму не патрэбныя гэтыя “паперкі” – размова ідзе пра фізічнае знішчэнне людзей у турмах. Менавіта таму ў магілёўскую калонію накіравалі і Мікалая Статкевіча. Атрымліваецца, што Аб’яднаная Еўропа ўзмацняе санкцыі супраць уладаў Беларусі, а апошнія ўзмацняюць рэпрэсіі ў краіне.

Паводле першага кіраўніка незалежнай Беларусі, Саннікаў падпісаў прашэнне толькі для таго, каб выратаваць сваю сям’ю. “Перш за ўсё, няма ніякіх падставаў, каб Саннікаў быў за кратамі. Пры ўладзе сядзяць фальсіфікатары і злачынцы, а прыстойныя людзі сядзяць за кратамі – што можна ў гэтым выпадку зрабіць? Растлумачыць Лукашэнку тое, што ён парушае прынцыпы дэмакратыі, гэта тое ж самае, што патлумачыць тэлеграфнаму слупу, як паводзіцца пры дрэнным надвор’і. У нас зараз гаворка ідзе не пра вызваленне невінаватага чалавека, а пра тое, каб даць магчымасць таму, хто незаконна сядзіць ва ўладзе, праявіць сваю чалавечнасць”, – кажа спадар Шушкевіч.

Станіслаў Шушкевіч падкрэсліў, што да зменаў у Беларусі прывядзе толькі народ, а не заходнія дзяржавы. “Хопіць спадзявацца, што хтосьці нам дапаможа ў той справе, у якой мы самі павінны быць гаспадарамі сітуацыі. Колькі мы можам трываць стаўленне да чалавека, як да быдла?” – пытаецца палітык.

belsat.eu

https://youtu.be/MbNjRo8Zz_Q

Глядзі таксама
Каментары