Дзярждоўг Беларусі: каму і колькі мы вінныя?


Паводле звестак парталу “select.by“, у 2012 годзе Беларусі неабходна выплаціць па пазыках 1,63 млрд долараў, у той час як у 2011 годзе на выплаты выдаткавалі толькі 628,9 млн долараў.

Больш за ўсё краіна вінная Міжнароднаму валютнаму фонду – амаль 563 млн долараў (асноўны доўг – 429,1 млн долараў плюс 133,9 млн долараў давядзецца накіраваць на яго абслугоўванне).

На другім месцы паводле ступені даўгавой нагрузкі – аблігацыі, выдадзеныя на вонкавых фінансавых рынках – 440,8 млн долараў, з якіх 181,6 млн – гэта адсоткі. Пазыкі Кітаю складаюць 228,7 млн. долараў. На пагашэнне асноўнага доўга трэба 126,7 млн долараў.

Паводле крэдытаў Расеі ды Антыкрызіснага фонду ЕўраАзЭС Беларусь пакуль сплочвае толькі адсоткі – 136,7 і 106,6 млн долараў. На выплату часткі крэдыту Венесуэлы ў 2012 годзе Беларусі давядзецца выдаткаваць 122 млн долараў, дзе асноўны доўг складае 92 млн.

Астатнім крэдытадаўцам Беларусь мусіць выплаціць меншыя сумы: Сусветнаму банку – 13,1 млн долараў, ЗША – 5 млн долараў і Нямеччыне – 526 тысяч долараў.

Асобную графу складаюць выплаты ўраду Беларусі ў якасці гаранта пагашэння і абслугоўвання вонкавых займаў – 14,8 млн долараў.

“Негатыўныя наступствы сітуацыі, што Беларусі давядзецца выплаціць па пазыках нашмат болей, чым летась, стануць адчувальныя ў другім паўгоддзі, асноўныя ж плацяжы прыпадуць на 2013–2014 гады, калі даўгавая нагрузка павялічыцца яшчэ ўдвая. Пакуль называць сітуацыю крытычнаю рана”, – адзначыў эксперт Зміцер Крук.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары