Жыхары Светлагорску супраць трэцяга хімічнага заводу


Магчымасць будаўніцтва новай вытворчасці абмяркоўвалася на грамадскіх слуханнях, што прайшлі ў Светлагорскім гарадскім цэнтры культуры. Згодна з Оргускай канвенцыяй, будаўніцтва прадпрыемства з высокім узроўнем небяспечнасці, як планаваны завод беленай цэлюлозы, не можа распачацца без абмеркавання з грамадскасцю.

Слуханні сабралі больш за 500 чалавек.

Прадстаўнік БелНДЦ “Экалогія” Аляксандр Дзямідаў у сваім дакладзе пра будучае ўздзеянне заводу на навакольнае асяроддзе запэўніў, што выкіды хімічных рэчываў у атмасферу не будуць перавышаць дазволенай нормы, а планаванае размяшчэнне заводу вызначанае паводле ружы вятроў як найбольш бяспечнае.

Тым не менш, з залы не прагучала ніводнай згоднай рэплікі: мясцовыя жыхары крытычна ставяцца да гэтага будаўніцтва. Іхны горад дзякуючы існай прамысловасці і без таго ўваходзіць у дзясятку самых забруджаных гарадоў Беларусі. Паводле ранейшых даследаванняў эколагаў у вёсцы Якімава Слабада, канцэнтрацыя брудных рэчываў перавышае дапушчальныя нормы ад паўтара да 4,5 разу.

“На слуханнях быў пададзены толькі папярэдняя ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, – адзначыла кіраўніца Оргускага цэнтру Вольга Захарава. – Іх мэтаю было азнаямленне жыхароў з будучым будаўніцтвам і вывучэнне грамадскай думкі на гэты конт. Абмеркаванне працягнецца пасля канчатковай ацэнкі ўздзеяння. Стаўленне насельніцтва будзе ўлічвацца, але яно носіць рэкамендацыйны характар”.

Завод дзеля вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы 400 тысяч тонаў на год плануецца пабудаваць на базе Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбінату. Мяркуецца, што праектаваць і будаваць прадпрыемства будуць кітайскія спецыялісты за кітайскі крэдыт 654,7 млн долараў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары