Сасноў: Першы крок да паляпшэння – адстаўка Лукашэнкі


Беларусы не надта радыкальна настроеныя на змяненне сітуацыі ў краіне, лічыць былы міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі, сацыёлаг Аляксандр Сасноў. Такое меркаванне ён выказаў на сустрэчы з сябрамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Менску 24 студзеня.

«Трэба ўспрымаць насельніцтва Беларусі адэкватна, не ідэалізаваць яго і не будаваць рамантычных прагнозаў. Насельніцтва не настолькі радыкальна настроенае на змяненне існай сітуацыі», – заявіў Сасноў. Да такой высновы сацыёлаг прыйшоў, прааналізаваўшы звесткі Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД).

Паводле Саснова, галоўнаю праблемаю Беларусі ёсць «некампетэнтная ўлада, якая не хоча ні з кім раіцца і навязвае народу кірункі развіцця краіны», аднак існуюць і іншыя праблемы – «праблемы новай гісторыі Беларусі, а не толькі мінулага».
«Першым крокам на шляху паляпшэння эканамічнай, сацыяльнай, палітычнай сітуацыі ў краіне была б адстаўка цяперашняй улады», – заявіў экс-міністр працы.

belsat.eu

Стужка навінаў