Саннікаў пісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі (дапоўнена)


У выніку катаванняў Андрэй Саннікаў, асуджаны кандыдат на прэзідэнта Беларусі на выбарах 2010 г., напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта 25 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміла ягоная жонка Ірына Халіп, якая сустракалася з Саннікавым у калоніі «Віцьба-3» 24 студзеня.

Паводле Міністэрства ўнутраных справаў Андрэй Саннікаў падаў прашэнне аб памілаванні 23 снежня.

У МУС паведамілі, што ў адпаведнасці з заканадаўствам 23 студзеня гэта хадайніцтва разам з неабходнымі матэрыяламі было адпраўлена адміністрацыяй папраўчай калоніі № 3 упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Віцебскай вобласці ў аддзел па пытаннях грамадзянства і памілавання Адміністрацыі прэзідэнта.

Сёння, 25 студзеня жонка Саннікава Ірына Халіп на прэс-канферэнцыі пасля прайшоўшай напярэдадні сустрэчы з мужам у віцебскай калоніі паведаміла, што прашэнне аб памілаванні ён напісаў яшчэ 20 лістапада. Таму ўзнікла пытанне, ці ведаў 23 снежня кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанні аб палітзняволеных, пра гэта прашэнне.

“Абмен інфармацыяй з дапамогай запісак падчас такіх спатканняў тэхнічна немагчымы”, — сказаў суразмоўца агенцтва, каментуючы словы Ірыны Халіп

***
Паводле Халіп, падчас спаткання муж даў ёй зразумець, што з ім адбывалася «нешта жудаснае». «Спатканне праходзіла праз шкло і ў прысутнасці супрацоўніка калоніі. Аднак я змагла напісаць запіску з пытаннем: «Пагражалі сям’і?». У адказ на гэта Андрэй кіўнуў», – распавяла Ірына Халіп.

Паводле жанчыны, Саннікаў паведаміў, што катаванні і пагрозы «для выбівання з яго прашэння аб памілаванні» пачаліся ў верасні. У выніку 20 лістапада, знаходзячыся на чарговым этапе ў магілёўскай турме, экс-кандыдат напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Халіп нагадала, што на прэс-канферэнцыі 23 снежня Лукашэнка заявіў, што Саннікаў не звяртаўся да яго з прашэннем аб памілаванні. «Або Лукашэнка не кантралюе сітуацыі, і да яго гэтая папера не дайшла, або гэта проста «адмазка» перад прэсаю, бо Лукашэнка мусіў ведаць пра гэтую паперу», – заявіла Халіп.

Яна кажа, што ніякай рэакцыі з боку ўладаў на прашэнне палітыка пакуль не паступіла.

Андрэя Саннікава асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 г. Адбываць пакаранне палітык мусіў у выпраўленчай калоніі Наваполацку (Віцебская вобласць), куды прыбыў у канцы ліпеня, аднак пасля гэтага яго неаднаразова этапавалі ў розныя ўстановы.

З 8 лістапада асуджанага палітыка трымалі ў поўнай ізаляцыі – да яго не дапускалі ні сваякоў, ні адвакатаў. 20 студзеня Саннікаву дазволілі сустрэчу з адвакатам. 24 студзеня адбылося кароткатэрміновае спатканне асуджанага з жонкай і маці.

belsat.eu

Стужка навінаў